Абяцанкі-цацанкі: беларускі электрамабіль – казка ці рэальнасць?


Ці змогуць беларусы перасесці неўзабаве на электрамабіль айчыннае вытворчасці? Выглядае, што не. Урад абяцаў наладзіць вытворчасць электракараў праз год-два. Пры гэтым Лукашэнка даваў даручэнне запусціць канвеер з самага пачатку наступнага года. Агулам жа размовы пра вытворчасць электрамабіляў ідуць сем гадоў. Чаму не атрымліваецца?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму электракар здаваўся нечым фантастычным, цяпер жа аўты з электрарухавіком – не рэдкасць. У тым ліку і ў Беларусі. Каб заахвоціць кіроўцаў перасесці на экалагічны транспарт, Еўразійская эканамічная камісія працягнула бязмытны завоз электрамабіляў у Беларусь, Арменію, Казахстан і Кыргызстан да канца наступнага года.

«Цяпер усё больш і больш кампаніяў фактычна нахлынулі, каб зарабіць грошы на гэтым рынку. Але зразумела, што попыт усё ж такі абмежаваны. Таму будзе ўжо канкурэнцыя не за кошт вынаходніцтва, не за кошт інавацыяў, а за кошт фактычна аптымізацыі выдаткаў», – кажа эканаміст Віталь Алейнік.

Стварыць свой электрамабіль. Задача, якую Лукашэнка неаднаразова ставіў перад чыноўнікамі. І вось тыя ўжо амаль сем гадоў абяцаюць свайму кіраўніку беларускі электракар. Улетку 2017-га Акадэмія навук прэзентавала першы прататып электрамабіля, створаны на базе седана Geely SC7. Яго пратэставаў тагачасны віцэ-прэм’ер.

«Аўтамабіль дынамічны, разганяецца добра, экалогія – раз, эканомія энергіі – два. З шумам вы таксама бачыце, што розніца ёсць вялікая. Так што я думаю, што ў найбліжэйшыя 3-4 гады ў нас гэта будзе не проста цацка, гэта будзе рэальнае ўкараненне», – запэўніў былы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Прагнозы не збыліся. Паводле ж абноўленай праграмы ўраду – серыйную вытворчасць электрамабіляў у Беларусі плануецца наладзіць у 2025 – 2026 гадах. Хоць сёлета ў студзені, падчас наведвання заводу «БелДжы», Лукашэнка казаў пра канкрэтную дату:

«Да першага студзеня наступнага года ты павінен выпрабаваць машыну. У першым квартале наступнага года мы павінны вырабляць такія машыны. Мы зможам гэта?».

«Беларуская акадэмія навук ператварылася ў такую камерцыйную карпарацыю пры ЗАТ «Сям’я», што выкарыстоўвае сродкі бюджэту для, нібыта, шляхетных такіх інавацыйных справаў», – кажа прэзідэнт навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Паводле Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, летась у краіне ў дылерскіх цэнтрах рэалізавалі 422 цалкам электрычныя аўты і гібрыды. У лідарах – кітайскі аўтапрам – Voyah Free ( (244 аўтамабілі), Geely Geometry C (137) і FAW Bestune NAT – 41 аўтамабіль. Дык а што ж з айчынным электракарам? Калі зможам наладзіць вытворчасць? І ці зможам яго экспартаваць?

«Зразумела, патрэбны доступ на больш значныя рынкі. Казаць пра тое, што, напрыклад, вось, з электрамабілем можна будзе выйсці на рынак Кітаю… Ну каму мы там патрэбныя? Там сваіх такіх электрамабіляў хапае», – распавёў эканаміст Віталь Алейнік.

У Беларусі прадстаўлены вялікі шэраг новых электрамабіляў. Адным з бюджэтных варыянтаў можа быць Geely Geometry С, які ў базавай камплектацыі каштуе амаль шаснаццаць тысяч долараў, а запасу яго хады хопіць на 300 кіламетраў. Перанос тэрмінаў выпуску беларускіх электрамабіляў – не адзіны прыклад няздольнасці ўладаў Беларусі зрэалізаваць амбітныя праекты. Гэтак, выпуск айчыннай вакцыны супраць COVID-19 пад вялікім пытаннем. Як паведаміў тэлеграм-канал «Белыя халаты», будаванне адмысловага заводу пад Віцебскам спынілі. Прычына – банальная. Няма грошай.

Павел Алейнікаў, «Белсат»