Рэжым прызнаў Крым расейскім?


Сапраўдная дэмакратыя – для Расеі, і незаконная анексія – для ўсяго цывілізаванага свету. Сёння 9-ая гадавіна незаконнага рэферэндуму ў Крыме, у выніку якога Расея яго канчаткова акупавала. Ні Украіна, ні большасць краінаў свету яго вынікаў не прызналі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зялёныя чалавечкі», якія былі расейскімі вайскоўцамі, яшчэ ў лютым 2014-га фактычна акупавалі Крым, захапіўшы стратэгічна важныя аб’екты. Пад іхным ціскам парламент рэспублікі 6 сакавіка і прыняў рашэнне аб правядзенні псеўдарэферэндуму. Лукашэнка ў гэтым пытанні яшчэ ў 2014 годзе трымаўся неадназначна. Спачатку заяўляў, што, маўляў, гэта тэрыторыя Расеі, а праз паўгода ў інтэрвʼю тэлеканалу «Еўраньюз» казаў ужо процілеглае:

«Мы не хацелі б разбурэння ўкраінскай дзяржавы. Тут шмат хто кажа, што Крым калісьці няправільна адышоў да Украіны, што гэтая тэрыторыя спрадвечна расейская і гэтак далей. Гэта няправільны падыход».

У 2021 годзе ў інтэрвʼю расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву зноў загаварыў пра «Крым наш!». На фоне зменлівай рыторыкі Лукашэнкі афіцыйны Менск дэ-юрэ так і не прызнаў анексаванага паўвостраву расейскім.

«Лукашэнка разумеў рызыкі прызнання і вядома ён не бачыў ад гэтага ніякіх бонусаў. Ну а што б было? Больш за тое, няма ніякай нормы, якая патрабуе прызнаваць Крым. Гэта не дзяржава. І ў гэтым плане ён правільнае пытанне задаваў: а які дакумент трэба прыняць або падпісаць, каб яго прызнаць?», патлумачыў палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Дэ-факта ж выходзіць, што рэжым Лукашэнкі прызнае акупацыйныя ўлады Крыму. Таму, напрыклад, вядзе з імі двухбаковы гандаль. Гэтак, у 2020-м Беларусь была другім гандлёвым партнёрам Крыму. А ў 2021 годзе таваразварот паміж Беларуссю і Крымам склаў больш за 17 мільёнаў долараў. На акупаваны паўвостраў едуць у тым ліку беларускія малочныя і мясныя прадукты, кандытарскія вырабы. А адтуль у Беларусь – таксама некаторыя прадукты харчавання, касметыка ды знакамітае крымскае віно.

«У гэтым плане я мяркую, што ў Крыме прадаецца нават еўрапейская прадукцыя. Таму што гэта бізнес. Яны лічаць грошы. І калі яны бачаць, што там можна зарабіць, то яны гэта будуць рабіць», – адзначыў Дзмітрый Балкунец.

Адзін з кірункаў супрацы з акупаваным Крымам – Віцебская вобласць. На пачатку сакавіка старшыня мясцовага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін падпісаў усёабдымнае пагадненне з акупацыйнымі ўладамі Крыму. Летась такое ж пагадненне заключылі паміж сабою Менск і Севастопаль. Як можна гэта расцэньваць?

«Украіна катэгарычна, вядома, асуджае ўсе крокі, якія сведчаць аб прызнанні анексіі Крыму або спробы анексіі. І мы неаднаразова пра гэта гаварылі. І на ўзроўні дыпламатычным мы выкарыстоўваем абсалютна ўсе інструменты», – заявіла пастаянная прадстаўніца прэзідэнта Украіны ў Крыме Таміла Ташава.

Таксама ўкраінскі бок папярэджвае беларускіх турыстаў, якія збіраюцца адпачыць на крымскім узбярэжжы. Прынамсі, летась такіх ахвочых, нягледзячы на вайну Расеі ва Украіне, было каля 100 тысячаў. Тым больш, ва ўмовах закрытага неба трапіць на гэтыя курорты беларусам нескладана: можна аўтобусам з Менску, але хутчэй будзе цягніком да Масквы і адтуль самалётам. Сёлетні сезон у Крыме, паводле Тамілы Ташавай, будзе дастаткова гарачы не праз надворʼе:

«А таму што Украіна будзе вызваляць свае тэрыторыі. Грамадзяне Беларусі мусяць разумець, што тэрыторыя Крыму – гэта тэрыторыя, на якой маюць быць розныя элементы ваенных дзеянняў».

Але ж настроі беларусаў адносна адпачынку ў Крыме досыць катэгарычныя. 84 % нашых гледачоў заявілі, што ні ў якім разе туды не паедуць, пакуль Крым зноў не зробіцца ўкраінскім. Для 6 % фактарам супраць такога адпачынку сталася вайна. 4 % паводле кошту і якасці хутчэй выберуць Егіпет ці Турцыю. А 1 % верыць, што Расея там назаўжды, таму гатовы не толькі адпачыць, але і падтрымаць «спецаперацыю» рублём.

Ірына Юрʼева, «Белсат».