Пчолы супраць мёду: Лукашэнка заклікаў эканоміць бюджэтныя грошы


Лукашэнка заклікаў сваіх чыноўнікаў эканоміць бюджэтныя сродкі. Самаабвешчаны прэзідэнт нават узгадаў, што гэта грошы падаткаплатнікаў. Ці азначае гэта, што з фінансамі ў дзяржавы непярэліўкі? І ці сам Лукашэнка заўсёды даваў добры прыклад карыстання дзяржаўнымі фінансамі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка запатрабаваў эканоміць бюджэтныя сродкі. Мэсідж гэты, у прыватнасці, быў скіраваны да ўраду, кіраўніцтва Камітэту дзяржкантролю і Міністэрства фінансаў. Маўляў, да самога Лукашэнкі дайшлі сігналы з месцаў.

«Начальнікі патрабуюць аўтамабілі з падпарадкаваных прадпрыемстваў дзяржаўнай, прыватнай формы ўласнасці, каб вырашаць нейкія асабістыя пытанні», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння апублікавалі і пастанову Саўміну, якая абмяжоўвае чыноўнікаў і дзяржаўныя арганізацыі ў карыстанні службовым транспартам для паездак на выязныя мерапрыемствы.

«Лукашэнка пераходзіць на ручное кіраванне ўсімі працэсамі ў эканоміцы і сапраўды пачынае эканоміць на запалках. Гэта ўсё штучная ілюзія эканоміі. Але Лукашэнка хоча прадаць беларусам гісторыю: паглядзіце, як я эканомлю на чынавенстве», – мяркуе намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Раней беларускія чыноўнікі далёка не заўсёды вылучаліся ашчаднасцю што да бюджэтных сродкаў. Гэтак, гомельскія ўлады неяк вырашылі, што гораду патрэбныя флагшток за паўмільёна долараў і грамадская прыбіральня за мільён. Абурэнне грамадскасці такімі коштамі чыноўніцкіх планаў не змяніла – абʼекты ўсё-такі пабудавалі.

Сумнеўны прыклад падаваў і сам Лукашэнка. Гэтак, ён казаў, што ягоная новая рэзідэнцыя – Палац Незалежнасці – будуецца за пазабюджэтныя сродкі. Але Мінфін, паводле палітыка Анатоля Лябедзькі, падаваў зусім іншую інфармацыю.

«Пяцьдзясят адсоткаў выдаткоўвалася са сталічнага бюджэту, а пяцьдзясят – з рэспубліканскага. Гэтая цацка аказалася коштам у 250 мільёнаў долараў. Прычым гэта толькі будынкі і інфраструктура. Я не кажу пра начынку», – кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Ён мяркуе, што разам з інтэрʼерамі палац мог каштаваць да паўмільярда долараў. Якія сумы штогод ідуць на ўтрыманне рэзідэнцыі – невядома. Будынак цалкам у карыстанні Лукашэнкі. Хіба зрэдчас туды ладзяць экскурсіі для абраных.

Народныя грошы выдаткоўваліся і на Еўрапейскія гульні 2019-га года. Паводле інфармацыі «Белсату», на іх пусцілі не толькі грошы спонсараў, але і 266 мільёнаў бюджэтных рублёў. На фоне складанай сітуацыі ў эканоміцы беларусы празвалі гэтую падзею «галоднымі гульнямі».

Зрэшты, спрабаваў рэжым Лукашэнкі ўкладваць бюджэтныя грошы і ў развіццё эканомікі. Не меней за мільярд долараў выдаткавалі на мадэрнізацыю цэментавай прамысловасці і чатыры мільярды – на развіццё дрэваапрацоўвання. Але праекты збольшага праваліліся, што часткова прызнавалі самі лукашэнкаўцы.

«Цэнтралізаванае ручное кіраванне часта не дазваляе ўважліва паставіцца да канкрэтнага прадпрыемства, да канкрэтнай кампаніі, як гэта зрабіў бы ўласнік, які быў бы зацікаўлены ў тым, каб гэтыя рэсурсы выкарыстоўваліся максімальна эфектыўна», – тлумачыць прычыны правалаў эканамістка Анастасія Лузгіна з «BEROC».

Марнаванне грошай на раскошу для Лукашэнкі ці правальныя эканамічныя праекты вынікае са збудаванай у Беларусі палітычнай сістэмы.

«Калі народ, грамадзяне, выбарнікі не кантралююць улады, то яны не кантралююць і яе выдаткаў. У нас бюджэт – гэта амаль кішэня асабістая беларускага ўладара. На што ён палічыць неабходным, куды ткне пальцам – туды грошы і пойдуць», – кажа Анатоль Лябедзька.

А на думку Паўла Латушкі, дабіцца сапраўднай эканоміі бюджэтных грошай без шкоды для інтарэсаў беларусаў можна адным спосабам.

«Самы галоўны інструмент эканоміі – ліквідаваць рэжым Лукашэнкі. Бо гэты рэжым стварыў сістэму, якая не можа функцыянаваць эфектыўна. Гэта карупцыйная сістэма. Бо ўсё, што існуе ў дзяржаве, скіраванае на тое, каб задаволіць патрэбы сямʼі Лукашэнкі», – мяркуе Павел Латушка.

На ягоную думку, дзяржаўныя выдаткі на пасаду прэзідэнта маюць быць істотна скарочаныя. У выпадку, калі інстытут прэзідэнцтва ў новай Беларусі ўвогуле захаваецца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»