Лукашэнка схлусіў берасцейцам: рэферэндума ў справе акумулятарнага заводу не будзе


Аляксандр Лукашэнка зноўку не стрымаў свайго слова. Якраз перад выбарамі ён ездзіў у Берасце, дзе абяцаў мясцовы рэферэндум аб увядзенні ў працу заводу, які вырабляе свінцова-кіслотныя акумулятары. Сёння берасцейцам адмовілі ў правядзенні рэферэндуму пра лёс небяспечнай вытворчасці.

Тэльмаўскі сельскі выканкам адмовіў мясцовым жыхарам у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для правядзення мясцовага рэферэндуму пра лёс акумулятарнага заводу каля Берасця. Паводле актывістаў, чыноўнікі аргументавалі адмову тым, што пытанне размяшчэння ды эксплуатацыі заводу не ўваходзіць у іхную кампетэнцыю.

«Мы жадаем проста даведацца меркаванне людзей, і я не ведаю, чаму нам забараняюць правесці рэферэндум і пачуць народ», – кажа жыхарка Тэльмаў Людміла Карчэўская.

«Парушанае права мясцовых жыхароў браць удзел у вырашэнні дзяржаўных пытанняў. Менавіта яны, жыхары населеных пунктаў, што вакол заводу, мусяць вызначаць лёс гэтага небяспечнага прадпрыемства. Яны маюць намер падаваць дакументы ў суд і аспрэчваць гэтую адмову», – распавядае берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

Напярэдадні кіраўніцтва акумулятарнага заводу атрымала ад дзяржаўных органаў поўны пакет дакументаў, што пацвярджаюць адпаведнасць патрабаванням экалагічнай бяспекі і надзейнасці. Бліжэйшым часам прадпрыемства можа распачаць працу.

І гэта нягледзячы на тое, што летась у чэрвені Лукашэнка абяцаў, што лёс заводу берасцейцы змогуць вызначаць самыя – праз рэферэндум, што меў адбыцца пасля выбараў прэзідэнта:

«Хай вырашаць жыхары. Як вырашыце наконт акумулятарнага, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нейтральную пазіцыю, арганізую рэферэндум. А вы толькі без гвалту, шуму. Вызначым месца, будзеце склікаць людзей, весці дэбаты. Як на выбарах», – заявіў тады Аляксандр Лукашэнка.

Але, як і на выбарах, словы Лукашэнкі разышліся са справаю. Між тым звычайныя берасцейцы сваё меркаванне сфармулявалі:

«Мы ўсе жывем у прыватным сектары. Мы за свежае паветра і здароўе сваіх дзяцей»

«Ён шмат чаго абяцае – веры гэтаму няма»

«Я б завод забараніў – бо гэта шкодзіць людзям»

«Не зусім ён бяспечны для нашых дзяцей»

Барацьба берасцейцаў супраць патэнцыйна небяспечнай вытворчасці працягваецца з 2018-га года. Рэгулярныя шматлюдныя акцыі пратэсту, што атрымалі назву «кармленне галубоў», змусілі ўлады ў чэрвені 2019-га спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу «да ліквідацыі ўсіх парушэнняў». Аднак пасля таго, як сёлета ў траўні прадпрыемства перайшло ва ўласнасць кампаніі скандальна вядомага кіраўніка Федэрацыі хакею Дзмітрыя Баскава, рыхтавацца да запуску акумулятарнага заводу пачалі з новаю сілаю.

«Лічыце, што ў двор кожнага бяду прынеслі. Мы проста не ведаем, што рабіць. Куды не звернешся, усё не згодна з заканадаўствам. Дык якое мусіць быць заканадаўства, калі простага чалавека ніхто не жадае слухаць?» – задаецца пытаннем былы старшыня Тэльмаўскага сельсавету Аляксандр Валько.

Мясцовыя актывісты маюць намер надалей намагацца правесці рэферэндум. Гэтым разам – у самым Берасці.

«Пратэст нікуды не сышоў, канфлікт нікуды не дзеўся. Я лічу, што большасць жыхароў Берасця і Берасцейскага раёну супраць будаўніцтва заводу ў гэтым месцы», – кажа Раман Кісляк.

Будаваць завод «Акумулятарны альянс», які першапачаткова называўся «АйПаўэр» і належаў Першай акумулятарнай кампаніі, пачалі ў 2017-ым годзе. Мясцовыя жыхары, занепакоеныя перавышэннем выкідаў свінцу ад вытворчасці акумулятараў, сабралі за яго спыненне больш за 40 тысяч подпісаў.

Алесь Баразенка, «Белсат»