Вайсковыя выдаткі: на беларусаў ці расейцаў?


На $ 5,5 млн – ці ў шэсць разоў павялічылі сёлета бюджэты на абарону ў Берасцейскай вобласці. Пры гэтым бюджэт Пінску – вырас у 28 разоў, Кобрына – у 12, і Берасця – амаль у 10 разоў, піша Беларускі Гаюн. А ў Гомельскай вобласці, згодна з інвест-планам на бягучы год і некалькі наступных, растуць выдаткі з бюджэту на вайсковае будаўніцтва.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да Расейскага поўнамаштабнага нападу на Украіну ў Беларусі ліквідоўвалі ваенныя гарадкі. Войскі з іх выводзілі. Тэрыторыі частак запахвалі. Плот перафарбоўвалі ў ружовы. Наступным пакаленням пакідалі адно мілітарныя помнікі.

Сёлета беларускі рэжым змяніў трэнд на будаўніцтва. У зацверджанай лютаўскім указам інвестыцыйнай праграме на бягучы год прадугледжаныя бюджэтныя выдаткі на будаўніцтва вайсковага гарадку і палігону ў Гомельскай вобласці. Br 1 млн сёлета – на старт. А ў 24-ыі і 25-ым гадах – яшчэ Br 5- млн на гарадок і Br 30 млн – на палігон. Агульная «даўжыня» праекту – 5 гадоў, а прызначэнне…

«Восеньскі прызыў склаў прыкладна 10 400 новых прызыўнікоў. У прынцыпе ў нас было дастаткова сваіх усіх палігонаў, пакуль не панаехалі расейскія мабілізаваныя. Штатныя беларускія палігоны занятыя расейскімі «мобікамі». Беларусь змушаная шукаць, дзе сваіх трэнаваць», – кажа Сяргей Бульба, былы вайсковы афіцэр, заснавальнік «Белага легіёну».

З іншага боку… Яшчэ летась у траўні Мінабароны заяўляла пра неабходнасць стварэння Паўночнага аператыўнага камандавання, фармавання вайсковых частак і падраздзяленняў. А значыць і будаўніцтва інфраструктуры. Валерый Сахашчык з Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце лічыць, што план дапамагае Лукашэнку расцягваць час: рыхтавацца, але наўпрост не ўцягвацца ў вайну. І другая матывацыя:

«Лукашэнка вельмі баіцца прыходу ў краіну беларусаў з баявым досведам і зброяй, якія могуць натхніць затэрарызаваны спецслужбамі рэжыму народ краіны на масавае паўстанне супраць улады. Ёсць неабходнасць прыкрыцця дзяржаўнай мяжы з боку Украіны», – пракаментаваў Валерый Сахашчык.

Валерый Сахашчык выказаў здагадку, што Паўночнае аператыўнае камандаванне сярод задачаў будзе мець змаганне з добраахвотніцкімі фармаваннямі і дыверсійна-выведніцкімі групамі, а таксама страхаванне ад магчымага перакідвання зброі і боепрыпасаў у Беларусь.

Украінскі вайсковы эксперт Ігар Раманенка бачыць у інвестыцыях Лукашэнкі расейскія грошы пад відам беларускіх бюджэтных.

«У першую чаргу расейцам патрэбныя гэтыя палігоны. Ім патрэбныя гэтыя гарадкі і хутчэй за ўсё яны як мінімум даюць пад гэта грошы і будуць выкарыстоўваць паводле сваіх інтарэсаў», – упэўнены Ігар Раманенка.

Эксперт распавёў, што 10-15 гадоў таму Масква спрабавала навязаць Кіеву стварэнне супольнай супрацьпаветранай абароны. Там не атрымалася, але ў Беларусі – так. Цяпер – адбываецца прасоўванне экспансіі, лічыць Ігар Раманенка: для знішчальнікаў патрэбныя аэрадромы, для вайскоўцаў – палігоны і казармы, а ў будучыні – гарадкі.

Гэтак у Лунінецкім вайсковым гарадку цягам трох гадоў узвядуць пункт тэхнічнага абслугоўвання і рамонту – кошт Br 43,5 рублёў. Зробяць рэканструкцыю казармаў – Br 2,3 млн выдаткаў. На ўладкаванне палігону «Лосвіда» пад Віцебскам у гэтым і наступным годзе выдаткуюць Br 4 млн. А будоўля сховішча тэхнікі на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах выцягне з дзяржбюджэту Br 7,7 млн рублёў.

Агулам бюджэт на патрэбы сілавых структур вырас як ніколі. Большасць апытаных намі беларусаў накіравалі б грошы на іншыя патрэбы:

«Паліклінікі і школы – самае важнае цяпер. На мадэрнізацыю таго, што ёсць. І на беларускамоўныя падручнікі».

«На смеццеперапрацоўчыя заводы і самую гэтую сістэму, і інфраструктуру безадкіднага жыцця».

Вачамі Украіны рост выдаткаў на войска адзначае наўпроставую пагрозу.

«Праціўнік умацоўвае свае магчымасці для таго каб больш эфектыўна выкарыстоўваць свае сілы для нанясення ўдараў па тэрыторыі і абʼектах нашай краіны. Вось і ўсё стаўленне. Нам трэба прадумаць, як супрацьстаяць. Трэба адсочваць, весці выведку на конт таго калі, што і ў якім стане там будзе зʼяўляцца», – канстатаваў Ігар Раманенка.

Таму на ўвазе абаронцаў Украіны будзе Гомельшчына, Берасцейшчына і ўсе астатнія пункты на мапе Беларусі, дзе адбываюцца вучэнні і рэканструкцыя ці будоўля вайсковай інфраструктуры.

Юлія Цяльпук, «Белсат»