«Прессболу» споўнілася 33 гады


Спартовая газета «Прессбол» адзначае дзень нараджэння. Першы нумар выдання выйшаў 33 гады таму – 16 студзеня 1991 года тыражом 75 тысяч асобнікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта была падзея, – узгадвае экс-кіраўнік дэпартаменту судзейства АБФФ, былы кіраўнік прэсавай службы АБФФ Андрэй Чэпа. – Купіць “Прессбол” было вельмі цяжка ў кіёску, хаця тыражы былі вялікія. Але з першага нумара мы зразумелі, што гэта прарыў у журналістыцы і ў спартыўнай тым больш. Падабраўся калектыў аднадумцаў, якія хацелі рабіць нешта цікавае, і ім гэта ўдавалася».

Прафесіяналізм журналістаў-заснавальнікаў газеты адзначалі не толькі чытачы, але і маладыя калегі.

«Прыйсці працаваць у той “Прессбол” было для мяне вялікім гонарам, таму што побач са мной працавалі выбітныя журналісты, – кажа былы журналіст выдання Руслан Ігнатовіч. – Гэта вялікі досвед. І тое, што я ўмею ў журналістыцы, – гэта дзякуючы “Прессболу”. І “Прессбол” – гэта была газета не толькі спартовая, гэта было і грамадска-палітычнае выданне».

Журналісты «Прессбола» не падладжваліся пад спартовыя і не толькі спартовыя ўлады, а пісалі менавіта пра тое, што хвалявала чытачоў.

«”Прессбол” заўсёды быў такім шарсцістым выданнем, мог паказаць зубкі, пасмяяцца з нейкіх палітычных рэчаў таксама, – разважае старэйшы аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі. – Ён мог крытыкаваць спартовых чыноўнікаў. Паступова прыйшло да таго, што для такога крытычнага выдання проста не знаходзіцца месца ў рэаліях Беларусі».

Заняпад пачаўся не сёння. Газета з цяжкасцю прайшла праз крызіс папяровай прэсы, што напаткаў яе на пачатку 2010-х гадоў.

«Значная частка аўдыторыі пачала спажываць такога кшталту інфармацыю на электронных носьбітах: у YouTube, на сайтах. А мадэль манетызацыі ў інтэрнэце даволі моцна адрозніваецца ад папяровага выдання», – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.

Але галоўны ўдар выданне атрымала ў 2020-м. Газета падтрымала пратэсты беларускага народу супраць фальсіфікацыі выбараў – і трапіла пад зачыстку.

«Усё, што было ў краіне, у тым ліку і ў “Прессболе”, усё, што рабіў “Прессбол” раней, – гэта было адно. А пачынаючы з 9 жніўня наступіла іншая, новая эра. У новай эры “Прессболу” трэба проста-такі затупіцца», – казаў у снежні 2020-га дырэктар выдання Юрый Арлоў.

Газета «Прессбол».
Фота: TUT.by

На пачатку 2021 года з выдання сышла большая частка аўтараў. Цягам паўгоддзя змяніліся тры галоўныя рэдактары. Але ачомацца ад крызісу «Прессбол» не здолеў. Газета страціла не толькі топавых журналістаў, але і большасць чытачоў.

«На жаль, трэба канстатаваць, што ў апошнія гады тры газета не тое што памерла, яна здохла, проста ў пакутах здохла, як лысы сабака пад плотам. Гэта крыўдна, вядома, вельмі крыўдна», – не хавае эмоцыяў Андрэй Чэпа.

Цяпер «Прессбол», які ў выніку фінансавых цяжкасцяў цалкам перайшоў ва ўласнасць Федэрацыі футболу, усё цяжэй адрозніць ад прапагандысцкіх паблікаў.

«Ворагі вычвараюцца ў памкненні прыдумаць спосабы, як не дапусціць беларусаў да стартаў на топ-спаборніцтвах, ствараюць усё новыя і новыя перашкоды, блефуюць гучнымі заявамі аб байкоце Алімпіяды, чэмпіянатаў свету і Еўропы ў выпадку допуску на іх беларусаў і расяянаў», – кажа цяпер галоўны рэдактар «Прессбола» Аляксандр Дабрыян.

«Яны разумеюць усё, што адбываецца, і таму тое, што яны кажуць, яны за гэта нейкую жыццёвую адказнасць будуць несці, ім з гэтым жыць, ім з гэтым спаць», – тлумачыць пазіцыю сённяшніх журналістаў «Прессбола» Руслан Ігнатовіч.

Сёння «Прессбол» – гэта два тыднёвыя нумары агульным тыражом менш за 6 тысяч асобнікаў, скарочаная колькасць старонак і неабходнасць пісаць у асноўным пра футбол ды «несправядлівыя» санкцыі.

Ян Федаровіч, «Белсат»