Пазнаёміцца ў онлайне – і трапіць за краты


Вось хоча з вамі пазнаёміцца хтосьці ў сацсетках. Але ці можа быць упэўненасць, што на тым баку не чалавек у пагонах? Вядома, упэўненасці быць не можа. За фота з пратэстаў у «Тындэры» праз тыдзень будуць судзіць мянчанку Аляксандру Рыбчык. Дзяўчыне пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сацыяльныя сеткі сталі цяпер вялікім кландайкам, неверагоднаю колькасцю інфармацыі для любой краіны. Неабавязкова ўжо як было па-старому ў КДБ: друкаваць улёткі, хадзіць ноччу ляпіць іх на сцены. Ты ў масцы, у капелюшы. Тут ты напісаў – усё ўжо, у цябе ёсць склад злачынства, асабліва калі гэта краіна дыктатарскага, аўтарытарнага тыпу кіравання», – распавядае былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

Яшчэ адзін незвычайны метад выцягвання паказанняў – чат. Напрыклад, жыхар Мазыра Юрый Камар прыкідваецца ўкраінцам і раскручвае карыстальнікаў відэачату на размовы супраць уладаў Беларусі. Пасля ягоных суразмоўцаў затрымліваюць сілавікі.

У снежні ж адміністратарка пратэставых чатаў Таццяна Курыліна захацела вярнуцца ў Беларусь, і цяпер яе судзяць паводле 12 крымінальных артыкулаў. BYPOL паведамляў, што з Таццянай вёў рамантычную перапіску малады чалавек, хутчэй за ўсё – супрацоўнік спецслужбаў. Ён і ўгаварыў яе на гэты крок, паабяцаў развязаць усе праблемы.

«Нам заўсёды вельмі прыемна пагаварыць пра каго? Ну, пра сябе ж. Асабліва калі ў нас не хапае ўвагі ад людзей навокал да асобы тваёй, то, канечне, вельмі добра, калі можна пагаварыць пра сябе. А тут ёсць, хто быццам бы шчыра зацікаўлены», – тлумачыць псіхолаг Наталля Скібская.

Псіхолаг нагадвае і пра тое, што ў інтэрнэце з’яўляецца ілюзія ананімнасці. Часта праўладныя боты разводзяць людзей у каментарах на эмоцыі. Адсюль і дзясяткі крымінальных справаў, напрыклад, за абразу прадстаўніка ўлады пад допісамі ў телеграм-каналах. У сілавікоў ёсць інструменты, каб дэананімаваць акаўнт. Акрамя тэхнічных выкарыстоўваюць і псіхалагічныя – уваходзяць у давер карыстальніка.

«Бывае, набіваюцца ў сябры ліпавыя. Зразумела, што створаны профіль супрацоўнікам спецслужбаў. Ён нібыта выношвае такія ж ідэі, як ты, вы з ім сыходзіцеся, маеце зносіны. Гэта не хутка – гэта разлічана на месяцы працы, step by step чалавек уціраецца ў давер», – удакладняе Іван Ступак.

У гутарцы супрацоўнік можа выцягваць выказванні супраць улады, прапанаваць удзел у пікеце. Вы даяце яму шчыры адказ – ён адкрывае справу і выконвае план барацьбы з ворагамі народу.

«Вельмі добра, калі вы штосьці кажаце, думаць, для чаго вы гэта кажаце. Вось гэта першая парада. Другая парада. Карысна гэта будзе для вас, некарысна? Бяспечна, небяспечна?» – раіць Наталля Скібская.

Правілы паводзінаў, калі вам піша незнаёмы, падобныя на рэкамендацыі для размовы з махлярамі. Не весціся на маніпуляцыі ды правакацыі суразмоўцы, не раскрываць асабістай інфармацыі, адказваць на пытанне пытаннем: а навошта гэта яму?

Яна Шэк, «Белсат»