Як дабіцца рамонту пад'езду?


Восеньскі перыяд прыносіць з сабою дажджы і выяўляе праблемы ў стане жыллёвага фонду. Жыхары розных гарадоў паведамляюць пра патопы ў сваіх падʼездах. Людзі скардзяцца ў ЖЭСы, тыя не рэагуюць, жыхары пачынаюць пісаць у сацыяльныя сеткі. Часам розгалас дапамагае. Што рабіць, каб праблемы развязваліся хутчэй і надоўга?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Уздымаемся ўверх, і тут увогуле ўсё ў вадзе – крык душы, бʼёмся які год з ЖЭУ-24. Няма рэакцыі», – паскардзіліся жыхары дому нумар 28 на вуліцы Гагарына ў Віцебску. Зрэшты, такія відэа, як дождж залівае падʼезды, прысылаюць жыхары з усёй Беларусі.

Сярод іх:

«Кастрычніцкай рэвалюцыі 23, 4-ы падʼезд, вось які ідзе патоп ужо, напэўна, другі дзень, звонім у 115, ніхто не прыязджае і ўвогуле ўвагі нуль».

Пра ручаі, якія журчаць у падʼездзе аднаго з дамоў на вуліцы Маладзёжнай у Старобіне, мясцовыя жыхары кажуць наступнае:

«Трэці год рамантуецца зліў дажджавой вады ў гэтым падʼездзе. З гэтай праблемай ужо ваюем са жніўня 2021 года. А воз і дагэтуль там».

Першы крок, каб развязаць праблемы мокрых падʼездаў, – патэлефанаваць у ЖЭС. Пра заліванне падʼезду ў Віцебску ў мясцовым ЖЭСе нам патлумачылі:

«Калі людзі пішуць афіцыйную заяву, то гэтыя заяўкі перадаюцца працаўнікам, якія вядуць працы па швах, і там латаецца гэта ўсё. Хто не пісаў, тымі кватэрамі не займаюцца».

У старобінскай арганізацыі, адказнай за жыллёва-камунальную гаспадарку, таксама аб праблеме ведаюць:

«Быў дождж, затоплена там было ўсё, 8-га дня адправілі людзей, з 37-й кватэры жыхарка бачыла людзей.

Яны залезлі менавіта дзе гэты сцёк, там паправілі, усё зрабілі і цяпер чакаюць, дажджы калі будуць ісці, то будуць глядзець, як яно там што».

План рамонту падʼездаў фармуецца двойчы на год: увосень і ўвесну – піша жыллёва-камунальны аддзел Менску. Тады камунальнікі ацэньваюць фактычны стан падʼездаў з улікам зарэгістраваных зваротаў жыхароў, якія можна рабіць вусна і пісьмова. Але больш надзейна даслаць заказным лістом на юрыдычны адрас прадпрыемства, кажа юрыст у справе нерухомасці Аляксандр Штрыкуль:

«Вы павінны зафіксаваць факт: у чым складаецца вашая прэтэнзія, у чым складаюцца абавязкі выканаўцы, што ён канкрэтна не так зрабіў. Або ўвогуле не зрабіў. Прыкласці туды ўсе магчымыя доказы, відавочна, гэта могуць быць фотаздымкі і відэаматэрыял нейкі. І звярнуцца ў прэтэнзійным парадку да выканаўцы».

Калі развязання праблемы прыходзіцца чакаць паўгода, год і болей, то варта звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Прынамсі, яны самі падаюць сітуацыю такім чынам, што пасля іх умяшання праблемы вырашаюцца.

Альтэрнатыўны варыянт – звяртацца ў таварыства для абароны правоў спажыўцоў ці да прафесійнага юрыста, раіць Аляксандр Штрыкуль:

«Яны вам дапамогуць з падрыхтоўкай пазоўнай заявы, пры неабходнасці – з правядзеннем экспертызы, з выбарам экспертнай арганізацыі, з граматнай нават пастаноўкай пытанняў эксперту. І далей суправодзяць вас у судзе».

На думку эксперта, галоўная праблема ў тым, што ў большасці выпадкаў беларусы не могуць выбіраць падрадчыка, які будзе абслугоўваць іхныя дамы. Сітуацыю выправіў бы рынкавы механізм канкурэнтнай барацьбы паміж камунальнікамі. Маўляў, не падтрымліваеш добрага стану дому – не атрымліваеш грошай за яго нібыта абслугоўванне.

Аліна Скрабунова, «Белсат»