«Горадня Азот» пастаўляе ўгнаенні ў Чэхію і Польшчу


Беларускі карбамід едзе ў Чэхію і Польшчу. У абыход санкцыяў. Паводле Чэшскага цэнтру расследавальніцкай журналістыкі, прадукцыя «Горадня Азоту» трапляе ў Еўразвяз праз пасярэдніка – беларускую кампанію «Тэхнаспецтрэйдынг». Кошт прапануюць ніжэй сярэдняга на рынку амаль на 10 адсоткаў: 300 еўра за тону.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Заўважаем новыя і новыя схемы таго, як “Горадня Азот” намагаецца абыходзіць санкцыі», – распавяла журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру Аліна Янчур.

Сёлета ў лютым Беларускі расследавальніцкі цэнтр распавядаў пра адну са схемаў паставак гарадзенскага карбаміду праз «Тэхнаспецтрэйдынг». Карбамід загружалі на чыгуначнай станцыі «Аульс» ды цягнікамі везлі ў Балтыйскія парты, адкуль ён трапляў у краіны Еўразвязу. Хаця пакупніком азотных угнаенняў выступала кампанія з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Да таго расследавальнікі высветлілі, што «Тэхнаспецтрэйдынг» не зʼяўляецца вытворцам карбаміду, хаця кампанія сябе так пазіцыянуе:

«Мы таксама маем пацверджанне ад нашых крыніцаў і былых супрацоўнікаў “Горадня Азоту” з “Рабочага Руху”, што карбамід у Беларусі вырабляе толькі адно прадпрыемства – “Горадня Азот”. І што толькі гэтае прадпрыемства мае патрабаваныя для таго моцы».

«Горадня Азот» знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу з 2021 года за пераслед грамадзянскай супольнасці пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Рабочыя каля прадпрыемства «Горадня Азот». Фота ад чытачоў «Белсату»

Да гэтых абмежаванняў далучыліся таксама ЗША і Канада, Вялікая Брытанія і Швейцарыя. Сёлета ж кіраўніцтва прадпрыемства ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу заявіла, што, нягледзячы на санкцыі, попыт на прадукцыю, «ёсць і вялікі»:

«Тыя кампаніі, якія прывыклі працаваць з “Горадня Азотам”, яны хочуць гэта рабіць. Пытанне ў тым, што гэтыя палітычныя моманты перашкаджаюць ім працаваць адкрыта».

Таму і даводзіцца беларускім прадпрыемствам выкарыстоўваць розныя схемы: ад пераафармлення бізнесу да гэтак званых фірмаў-пракладак. Але чаму ж Еўразвяз не можа закрыць усе магчымыя «дзіркі» ў санкцыйнай палітыцы, якія затым выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі?

«Тут ёсць шэраг прычынаў. Першая і асноўная, што нельга абмяжоўвацца толькі абʼяўленнем санкцый. Іх трэба і здзяйсняць. Гэта патрабуе і рэсурсаў, і чалавечых рэсурсаў. Таму што на баку суперніка – тых, хто абыходзіць санкцыі – гэты рэсурс даволі вялікі», – патлумачыў Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

У выпадку з пастаўкамі карбаміду чэшская Дзяржаўная мытная служба не знайшла парушэнняў у пастаўках. Аднак літоўская практыка – надзяляць дадатковую ўвагу праверкі прадукцыі. У падазроных сітуацыях патрабуюць дадатковых дакументаў, дакументаў да мытнай дэкларацыі. Толькі ў жніўні літоўская мытня 53 разы не прапусціла цяжкавікі з падсанкцыйнымі таварамі праз сваю мяжу.

«Барацьба з гэтым вядзецца. Канешне, хацелі б, усе хацелі, каб гэта было хутчэй. Змагаецца тая ж банкаўская сістэма. Бачым узмацненне жорсткасці па грамадзянах Беларусі ў плане ВНЖ. Гэта часткова звязана з удзелам у абыходзе санкцыяў», – дадаў Віціс Юрконіс.

Але, на думку Віціса Юрконіса, важна, каб супрацьдзеянне абыходу санкцыяў было не толькі справай чыноўнікаў. А каб у гэтым удзельнічалі тыя ж журналісты-расследавальнікі ды грамадзянская супольнасць.

Ірына Юрʼева, «Белсат»