Чарговы начны абстрэл Украіны


Наступствы атакі на гарады Украіны – у Луцку загінулі прынамсі трое. У Львове аскепкі расейскай ракеты трапілі ў шматкватэрныя дамы, адбыўся пажар. У адным з гіпермаркетаў гораду абрынулася столь. Абышлося без ахвяраў.

«Дзесьці а пятай я не спала і пачула выбухі. Гэта былі не такія выбухі, што ў мінулы раз, – кажа Аліна Рудзіна, беларуская медыйшчыца, якая цяпер жыве ў Львове. – З аднаго боку, я прывыкла да гэтага. З іншага, не хочацца да гэтага прывыкаць, хочацца ўвесь час нагадваць, што ўяўляе сабой жыццё падчас вайны нават у тылавым горадзе».

Акрамя таго, пацярпелі населеныя пункты ў Львоўскай вобласці.

«Я ўнуку крычала, што кароўнік гарыць, а ў нас у хляве полымя бачу. Ён мне кажа: бабуля, кароўніка і хлява няма, усё згарэла датла. Бабуля, гэта была ракета», – кажа жыхарка Львоўскай вобласці Тэтля Яцішын.

У Дняпры адна з ракетаў трапіла ў прамысловае прадпрыемства – параненыя двое. Да таго ж, ракеты моцна пашкодзілі мясцовы басейн. Цудам ніхто не пацярпеў.

«Я занадта стары, каб чагосьці баяцца. Шкада, што нядаўна быў адрамантаваны басейн, а цяпер ён пацярпеў. Туды хадзіла мая ўнучка», – шкадуе жыхар Дняпра Яўген.

У цэнтральнай частцы Украіны пацярпеў горад Сміла Чаркаскае вобласці – частка населенага пункту засталася без вады. Моцныя разбурэнні ў населеных пунктах блізу лініі фронту. У Краматорску загінулі двое. Знішчаная гандлёвая база, дзе захоўвалі прадукты. А ў Запарожскай вобласці расейскія войскі нанеслі ўдар па вёсцы Стэпнае. Загінулі не менш як двое жыхароў.

«Божа, калі мы глядзелі на той дом, ён быў цалкам разбураны. А пад тым домам людзі, так што можна сказаць: проста жах! І больш нічога няма. Цярпець – гэта вельмі і вельмі цяжка», – не стрымлівае эмоцыяў мясцовая жыхарка Марыя Бура.

Агулам расейцы выпусцілі ўначы па Украіне дваццаць восем крылатых ракетаў. ЗСУ паведамілі пра збіццё шаснаццаці з іх.

Ян Федаровіч «Белсат»