Беларусаў рыхтуюць да вайны?


Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін не выключае магчымасці вайны з NATO. Такую заяву ён зрабіў у Маскве на канферэнцыі, прысвечанай бяспецы. І прадказальна звінаваціў ва ўсім Захад. Тым часам Саўмін дазволіў часцей і на большы тэрмін забіраць беларусаў на вайсковыя зборы. Што стаіць за заявамі міністра? Ці падвысяць зборы баяздольнасць арміі? Ці ўдасца згуртаваць беларусаў для абароны рэжыму Лукашэнкі?

Вайсковы канфлікт з NATO цалкам рэальны – заявіў у Маскве міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

«І трэба разумець, што ў капіталістычным свеце замарожваць свае актывы ў зброі і раздзьмутай арміі проста так ніхто не будзе. Таму выснову можна зрабіць адназначную: магчымасць адкрытага вайсковага сутыкнення з NATO ў будучыні робіцца вельмі відавочнай», – заявіў Віктар Хрэнін.

Эксперт у сферы нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак мяркуе, што гэтыя словы Хрэніну ўклалі, а іх мэта – нагнятанне напружанасці. «Калі мы закладаем, што могуць адбыцца нейкія наступальныя дзеянні з боку Беларусі, то перш за ўсё гэта закранае Польшчу (бо Польшча цяпер найзлейшы вораг), а таксама Украіну, Літву і Латвію», – кажа Аляксандр Казак.

Тым часам Саўмін Беларусі павялічвае максімальную працягласць вайсковых збораў і дазваляе часцей выклікаць на іх вайсковаабавязаных з запасу.

«Любая неадыктатура так ці інакш пачынае працэс паранаідальнай мілітарызацыі грамадства. У Расеі гэта ўжо даўно адбываецца, у Беларусі – аналагічна», – кажа ўкраінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.

Зборы істотна не падвысяць баяздольнасці беларускай арміі, мяркуе эксперт. Бо ёй бракуе баявой тэхнікі для патэнцыйных мабілізаваных.

«Беларусь на сёння не здольная цалкам укамплектаваць уласную армію, не кажучы ўжо пра павелічэнне гэтай арміі ў два або тры разы», – мяркуе Аляксандр Каваленка.

Ідэолагі ў свежых метадычках агітуюць за народнае апалчэнне, узаконенае Лукашэнкам сёлета ў ліпені. Але ці гатовыя беларусы згуртавацца, каб адстаяць ягоны рэжым?

«Можна меркаваць, што як бы ні развіваліся падзеі, маналітнага аб’яднання вакол дзейнай улады, імаверна, не будзе», – мяркуе незалежны сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч.

Паводзіны беларусаў будуць залежаць і ад наяўнасці дакладнага плану ў апазіцыі – што рабіць у выпадку адкрытага ўдзелу краіны ў вайне.

«Калі дэмакратычныя сілы не змогуць прапанаваць, што рабіць, канкрэтных рэалістычных крокаў, то людзям застанецца мабілізавацца вакол дзяржавы або выкарыстоўваць розныя тактыкі ўцёкаў, няўдзелу», – разважае Канстанцін Несцяровіч.

На дзеі людзей паўплываюць і абставіны магчымага канфлікту, адзначае сацыёлаг. Напрыклад, стане Беларусь мішэнню для атакі – або сама выступіць у ролі агрэсара.

Валянцін Васіленка «Белсат»