Адкрыты ліст сусветных дзеячаў культуры да Лукашэнкі


Сусветныя дзеячы культуры напісалі адкрыты ліст да Лукашэнкі пра беларускіх палітвязняў. Сярод аўтараў адкрытага ліста – тры нобэлеўскія лаўрэаткі і легендарны пісьменнік Салман Рушдзі.

У сваім звароце сусветныя дзеячы культуры напісалі: «Спадар прэзідэнт Лукашэнка, вы забяспечваеце сваю ўладу толькі гвалтам. Поўная ізаляцыя зняволеных – гэта катаванне. Аднак зняволеныя не вашая ўласнасць. Ці звязвае вас яшчэ нешта са словам «чалавечнасць»? Дзе яны?».

У адказ на гэта прапагандыст Ігар Тур у сваім тэлеграм-канале замест Лукашэнкі адказаў на пытанне дзеячаў культуры пра беларускіх палітвязняў так: «Дарагія трынаццаць дзеячаў, не хвалюйцеся, яны ў турме». І дадаў, што Лукашэнка нікому нічога тлумачыць не будзе, бо, маўляў, ён не бюро знаходак.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 1483 асобы прызнаныя палітычнымі вязнямі. Ініцыятыва dissidentby.com падае кажа пра 1740 зняволеных з палітычных прычынах. Ад многіх з іх месяцамі няма вестак. Так, пра Віктара Бабарыку нічога не вядома з канца красавіка, доўгі час нічога не чуваць пра Сяргея Ціханоўскага. Пра Максіма Знака, Марыю Калеснікаву, Міколу Статкевіча родныя не маюць інфармацыі з лютага. Не так даўно Статкевіч адзначыў сваё 67-годдзе.

Тых жа, хто вызваліўся, затрымліваюць ізноў. Днямі затрымалі байкера Андрэя Іванюшына, які выйшаў на волю ў ліпені, пасля поўнага адбыцця пакарання. А вось на Змітра Дашкевіча і Паліну Шарэнду распачалі новыя крымінальныя справы адразу ў зняволенні.

«Рэжым спрабуе працягнуць тэрмін які яны не на волі. Менавіта гэта ў дачыненні вядомых асобаў бачым. Гэта для таго, каб яны актыўна не ўдзельнічалі ў барацьбе супраць рэжыму», – кажа праваабаронца Зміцер Салаўёў.

Прычым за кратамі для вязняў намагаюцца стварыць як мага больш невыносныя ўмовы. Гэтак, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што палітзняволенага Андрэя Сачэўку, які мае псіхічную хваробу, на два месяцы накіравалі ў памяшканне камернага тыпу. Перад гэтым больш як тры тыдні яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.

Застаецца небяспечным і вяртанне ў Беларусь. У тэлеграм-каналах сілавікоў апублікавалі чарговае так званае пакаяннае відэа – сямейная пара тлумачыць, што з’ехалі ў Польшчу тры гады таму праз удзел у пратэстах. У падмацаванне дэманструюць кадры з маршаў.

«Любы пераход мяжы – гэта рызыка. Калі вы пераходзіце мяжу нават калі сто разоў не былі на дэманстрацыі вы павінны пераканацца што ў вас абсалютна няма падпісак на экстрэмісцкія рэсурсы бо тэлефон могуць забраць і штосьці ў ім знайсці. Калі ваш тэлефон чысты, але ваш твар усплыў у базе дадзеных твараў – вас затрымаюць», – папярэджвае заснавальнік «BY_HELP» і «BYSOL» Аляксей Лявончык.

Сілавікі ўвесь час абнаўляюць свае базы, а гвалт у краіне робіцца ўсё больш жорсткім. Напярэдадні адбылося затрыманне пастара менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі з удзелам двух дзясяткаў аўтаматчыкаў, паведамляе ініцыятыва «Хрысціянская візія». Разам з пастарам затрымалі ягонага зяця, а ў доме ўчынілі ператрус.

Ірына Дарафейчук «Белсат»