БТ: «На лаве падсудных журналіст Дзяніс Івашын, які перадаваў інфармацыю СБУ і іншым спецслужбам Украіны»


Суд у справе Дзяніса Івашына пачаўся толькі сёння, але дзяржаўныя медыі ўжо вынеслі свой вердыкт: вінаваты. Напрыклад, прапагандысты з каналу «Беларусь 1» у сваім сюжэце не ставяць пад сумнеў, што Івашын супрацоўнічаў з замежнаю выведкаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На лаве падсудных журналіст Дзяніс Івашын, які перадаваў інфармацыю СБУ і іншым спецслужбам Украіны», – казалі на БТ.

Няпроста прыйшлося і еўрапейскім дыпламатам, якія ўсё ж паспрабавалі трапіць на суд, няхай ён і быў закрытым. Гэтак званы інфаспецназ на чале з Ксеніяй Лебедзевай абвінаваціў іх і ў тым, што людзі гінуць ва Украіне, і ў тым, што Еўразвяз нібыта спансуе тэрарызм, і ў тым, што яны ўвогуле захацелі прыйсці на паседжанне суда.

«Чаму сёння прадстаўнік Еўразвязу прыбыў у суд, дзе разглядаецца справа, у якой чалавека абвінавачваюць у дзяржздрадзе? Які спраўляў інфармацыю, якая тычыцца Беларусі, Украіне», – казала Лебедзева прадстаўнікам Аўстрыйскай амбасады.

За кратамі Дзяніс застаецца ўжо год і пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і дзяржаўнай здрадзе. За здраду Івашыну пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Зрэшты, калегі і блізкія Дзяніса ўпэўненыя: ні з якой выведкай ён не супрацоўнічаў. На іхную думку, судзяць Івашына між іншага за ягонае расследаванне аб былых беркутаўцах у шэрагах беларускага АМАПу.

«Вядома, Дзяніс ні з якой выведкай не супрацоўнічаў. Ён журналіст-фрылансер. Можа быць, і супрацоўнічаў з міжнароднай арганізацыяй “InformNapalm”, але там ён таксама такі ж добраахвотнік, які збіраў інфармацыю пра агрэсію Расеі, злачынствы ўва ўсім свеце», – казала жонка Дзяніса Вольга Івашына.

«Цяпер кожнага з нас можна абвінаваціць у дзяржаўнай здрадзе. Хтосьці хадзіў у пасольства на прэс-канферэнцыю – адразу можна вешаць ярлык “супрацоўнічаў з выведкай”. Хтосьці хадзіў да амерыканскага. Але гэта абсалютна не мае ніякай сувязі з рэчаіснасцю», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Ні родныя, ні калегі Дзяніса на справядлівае рашэнне суда нават не спадзяюцца. Вядзе справу журналіста суддзя Валерый Раманоўскі, які ўжо не раз вызначыўся ў палітычных справах супраць беларусаў. Тым часам юрыст і праваабаронца Раман Кісляк мяркуе, што справы такога кшталту ўвогуле могуць разглядацца толькі судом прысяжных:

«Суд прысяжных бы вырашыў, ёсць тут здрада дзяржаве ці не. Ёсць умяшанне ці не. Так і астатнія справы (большасць справаў), якія ўлады цяпер накручваюць у дачыненні палітычных, грамадзянскіх актывістаў, расследавальнікаў, праваабаронцаў».

Нягледзячы на прадказальны вынік, сваякі журналіста ўсё роўна прыйшлі да будынку суда, каб яго падтрымаць. Маці Дзяніса ў выніку сталася яшчэ адной ахвяраю нападак прапагандыстаў. Тым не менш, жанчына не прамаўчала.

Лебедзева: А якая мэта вашага візіту? Навошта вы сюды прыйшлі?

Маці Дзяніса: Я хачу паслаць усіх за расейскім караблём.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»