Сабраць дзіця ў школу стане даражэй


У сталічных універмагах пачаўся маштабны продаж школьных тавараў. Сёлета аптымальнае экіпаванне школьніка падаражэла – у параўнанні з леташнім – на дзесяць адсоткаў. Такія звесткі дае дзяржаўнае аб’яднанне «Сталічны гандаль і паслугі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рэальныя даходы насельніцтва цягам года выраслі толькі на 0,3 %. Адпаведна, гэта будзе вельмі моцна адчувацца на гаманцах бацькоў, асабліва калі ўлічваць, што ў сямʼі не адное, а некалькі дзяцей, якіх трэба рыхтаваць да школы», – кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Гэтак, зборы школьнікаў абыдуцца бацькам ад трохсот сямідзесяці да тысячы трохсот дзевяноста двух рублёў. Выдаткі залежаць ад узросту вучняў, колькасці ды якасці школьных прыладаў і адзення.

«У гэты спіс уваходзяць адзенне дзелавога стылю, абутак, галантарэя, у тым ліку і заплечнік, канцылярыя і іншыя школьныя прыналежнасці. Трэба адзначыць, што вышэйназваныя сумы пазначаны без уліку зніжак», – заявіла прадстаўніца дзяржаўнага абʼяднання «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская.

Каб ашчадзіць, чыноўніца заклікае бацькоў наведаць універмагі ды кірмашы ў спецыяльныя дні зніжак. Таксама сацыяльная дзяржава прапаноўвае школьныя тавары ў растэрмінаванне і крэдыт.

«Рэжым Лукашэнкі трымае краіну і людзей у стане беднасці – у такой своеасаблівай эканамічнай кабале. Большасць беларусаў траціць усё заробленае на паесці, на ледзь-ледзь апрануцца і часам хапае, каб нешта адкласці. Таму ў такіх умовах сабраць дзіця ў школу цяжка – гэта цэлая падзея, гэта трэба год патроху адкладаць, каб мець грошы», – мяркуе эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Пацвярджае думку эксперта і бацька пяцярых школьнікаў Ілля Дабратвор. Ужо другі год запар ягоныя дзеці ходзяць у польскую школу. У Беларусі, кажа Ілля, найбольшым выдаткам да навучальнага года было набыццё школьнае формы.

«У Еўропе школьную форму носяць вучні элітных школаў або каледжаў. І гэта апраўдана. Бо калі за навучанне бацькі могуць выкласці некалькі тысяч еўраў за месяц, дык, безумоўна, яны могуць дазволіць пару сотняў закінуць на ўніформу. У Беларусі гэта дорага вельмі», – распавядае шматдзетны бацька Ілля Дабратвор.

Першы абавязковы элемент школьнай формы ўвялі летась, большасць установаў адукацыі абралі за яго камізэльку са спецыяльнаю эмблемаю. Сёлета Міністэрства адукацыі патрабуе ад школаў увесці і другі адзіны элемент. Ім можа стаць гальштук, белая кашуля ці штаны. Паводле міністра адукацыі, школы ў гэтым пытанні маюць выбар. А вось куплю адзінага элементу шэраг установаў робіць цэнтралізавана – атрыбуты адзення шыюць дзяржаўныя канцэрны накшталт «Камінтэрну» ці «Беллёгпраму».

«Беллёгпрам» заявіў, што сёлета ён гатовы вырабіць 1 200 000 адзінак школьнага адзення. Гэта, вядома, вялікая колькасць. І з улікам таго, што кожная школа будзе выбіраць для сябе розны элемент абавязковага школьнага адзення (хтосьці камізэльку, хтосьці жакет, хтосьці штаны), фактычна яны змогуць прадаць у абавязковым парадку ўвесь свой асартымент», – зазначае эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Сёлетняя прадукцыя «Беллёгпраму» падаражэла на сем адсоткаў, але канцэрн прапаноўвае сацыяльныя дзесяціадсоткавыя зніжкі дзецям з інваліднасцю і шматдзетным семʼям. Для апошніх ёсць і матэрыяльная дапамога да навучальнага года ад дзяржавы. Цяпер яна складае трыццаць адсоткаў ад бюджэту пражыткавага мінімуму. Тыя, хто выхоўвае траіх і болей непаўналетніх дзяцей, могуць разлічваць і на пяцідзесяціадсоткавую зніжку на падручнікі ды харчаванне.

«Безумоўна, гэтых грошай не стае. І тое, што ўлады кажуць, што велізарныя грошы вылучаюцца… З пяцярых дзяцей, на якіх гэтыя грошы даюцца, хопіць на аднаго, можа быць», – кажа шматдзетны бацька Ілля Дабратвор.

Дваццаць пяць тысяч долараў плануе сабраць фонд «Байсол» дзецям палітзняволеных на да навучальнага года. На кожнага школьніка дадуць сто еўраў.

Наста Печанькова, «Белсат»