Чым абернецца для Лукашэнкі прыезд вагнэраўцаў?


Баевікі ПВК Вагнэра пачалі перамяшчацца ў Беларусь, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Калі інфармацыя пацвердзіцца, гэта можа азначаць, што Лукашэнка-такі вымушаны датрымаць слова і пусціць вагнэраўцаў у нашую краіну. Чым гэта пагражае Беларусі і якімі наступствамі можа абярнуцца для самога Лукашэнкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калона вагнэраўцаў заехала з Расеі ў Беларусь і скіравалася пад Асіповічы, піша «Беларускі Гаюн». Агулам не менш за 60 адзінак транспарту. Інфармацыю пацвярджаюць і ўкраінскія вайскоўцы. Імаверна, Лукашэнку даводзіцца выконваць сваё абяцанне – прытуліць у Беларусі ПВК Вагнэра.

«Ён атрымаў свае пятнаццаць хвілінаў славы, калі ён выступіў гэткім міратворцам, атрымаў сваю прэсу, палепшыў свой імідж у Расеі, але цяпер вымушаны разграбаць наступствы гэтага», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Ці дасць прыезд вагнэраўцаў у Беларусь нейкія бонусы Лукашэнку?

«Найперш гэта новы механізм ціску, новы інструмент шантажу ўсходніх суседзяў. Няхай, маўляў, баяцца – Польшча, Літва, Латвія», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Літва і Польшча ўжо звярталіся да лідараў краінаў НАТО з просьбай дапамагчы ўмацаваць межы – акурат праз імаверны прыезд у Беларусь вагнэраўцаў. Баевікоў могуць прыцягнуць і для развязання ўнутраных праблемаў рэжыму Лукашэнкі.

«Лукашэнка таксама думае скарыстаць вагнэраўцаў пры крызіснай сітуацыі ў Беларусі, каб абараніць сябе. Але мы павінныя разумець, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі можна трактаваць як спансараванне тэрарызму. Бо Вагнэр шмат якімі краінамі прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй», – кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле міжнароднага права, наданне прытулку падобнай арганізацыі – прыкмета спансаравання тэрарызму, тлумачыць Павел Латушка. Яно можа пацягнуць сур’ёзныя наступствы і для Беларусі, і для рэжыму Лукашэнкі.

«Зразумела, што гэта большая ізаляцыя краіны, гэта ўнясенне кіраўніцтва краіны ў чорны спіс. Ніхто не будзе камунікаваць з імі. Не будзе падтрымання ў міжнародных арганізацыях. Могуць лягчэй прымацца санкцыі ў дачыненні гэтага рэжыму», – прагназуе Павел Латушка.

Прыезд баевікоў, якія вядомыя праз пазасудовыя расправы кувалдаю і падазраваныя ў ваенных злачынствах, можа не спадабацца і многім беларусам.

«Ёсць адчуванне, што зʼяўленне вагнэраўцаў непапулярнае ў беларускім грамадстве. Беларусы, асабліва прыхільнікі Лукашэнкі, негатыўна ўспрынялі мяцеж супраць законнай улады ў Расеі», – разважае Валер Карбалевіч.

Вагнэраўцы дапамогуць навучанню беларускага войска і падзеляцца з ім сваім досведам, сцвярджае Лукашэнка і ягоныя прапагандысты. Але наколькі гэта праўдападобна?

«Яны бясплатна нічога не робяць. І Лукашэнка, які звык, што ўвесь час Масква яму плаціць, ім плаціць не будзе. А хто ім будзе плаціць – не зразумела. Вось такая беспрытульная, непадкантрольная сіла зʼяўляецца ў Беларусі», – кажа Віталь Цыганкоў.

Гэтая сіла зробіцца галаўным болем для Лукашэнкі і ягоных сілавікоў і можа прынесці рэжыму толькі праблемы, мяркуе аглядальнік.

Валянцін Васіленка, «Белсат»