Пратэсты ў Грузіі працягваюцца


Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выказала гатовасць накласці вета на Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву, прыняты 14-га траўня парламентам краіны. Пра гэта палітычная дзяячка заявіла на супольнай прэс-канферэнцыі з міністрамі замежных справаў Літвы, Латвіі, Эстоніі і Ісландыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы размаўлялі пра наступныя крокі. Я вельмі дакладна растлумачыла прадстаўнікам саюзных краінаў, што ні пры якіх абставінах не буду залучацца ў нейкія фальшывыя, штучныя, ілжывыя перамовы са сваім вета. Ніколі! Я не здраджу духу, які прысутнічае сёння ў гэтай краіне і якому неабходна саступіць месца», – зазначыла прэзідэнтка Грузіі.

Супрацьстаянне прэзідэнткі і дэпутатаў трывае другі год. Летась кіроўная партыя «Грузінская мара» ужо намагалася зацвердзіць гэтак званы законапраект аб замежных агентах. Тады праз масавыя пратэсты і стаўленне Зурабішвілі яго скасавалі. Сёлета «Грузінская мара» дасягнула мэтаў: дакумент пад іншаю назваю прасунулі праз парламент.

«Гаворка ідзе аб тым, што гэтае пытанне не павіннае разглядацца і гэты закон наогул не павінен разглядацца, таму што гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Грузіі», – кажа палітолаг, прафесар Міжнароднага чарнаморскага ўніверсітэту Грузіі Ніка Чытадзэ.

Сітуацыя ў краіне напаляецца. У Тбілісі пратэсты супраць закону цягнуцца некалькіх тыдняў. Для разгону мітынгоўцаў паліцыя выкарыстоўвае вадамёты і слезацечны газ.

«Пакуль тое, што я бачу, на жаль, крышачку нагадвае Беларусь. Мы абмяркоўваем гэта сярод беларускіх сяброў і яны гавораць: мне аж паплахела, калі я пабачыў гэтых паліцыянтаў, апранутых у чорнае», – каментуе сітуацыю сведка пратэстаў у Тбілісі Марына Зялёная (Калініна).

Насуперак дзеянням уладаў пратэстоўцы перакрываюць дарогі. Учорашнім вечарам рух аўтатранспарту ў цэнтры Тбілісі быў цалкам паралізаваны. Заблакаваны праспект Руставэлі і сёння.

«Моладзь у пераважнай большасці супраць закону. Старэйшае пакаленне, мне падаецца, яны проста не разумеюць, пра што ідзе гаворка. Таму што яны глядзяць навіны – як і нашыя бацькі, як і нашыя бабулі. Там кажуць, што закон прыняты ў многіх краінах і што патрэбная празрыстасць», – кажа сведка пратэстаў у Тбілісі Андрэй Бортнікаў.

Пратэстоўцаў затрымліваюць за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне прадстаўнікам правапарадку. Ім можа пагражаць штраф ці содні арышту.

Пратэсты ў Грузіі. Тбілісі ,14 траўня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

«Паліцыя дзейнічае незаконна, дзейнічаюць асобна нейкія крымінальныя групоўкі, якія ў масках уначы нападаюць на актывістаў ці тэлефануюць ім і пагражаюць, а таксама тэлефануюць іх бацькам і пагражаюць, каб яны не пасылалі сваіх дзяцей на мітынгі», – дадае Ніка Чытадзэ.

У супрацьвагу акцыям апазіцыі «Грузінская мара» выводзіць на вуліцы сваіх прыхільнікаў. Маўляў, ёсць і тыя, хто падтрымлівае законапраект.

«Я бачыла, што людзей прывозілі на аўтобусах на праўладны мітынг. Гэтае ўсё нагадвала нашыя праўладныя мітынгі, калі адміністратыўны рэсурс бяруць і кідаюць на барацьбу з праўдай», – зазначае Марына Зялёная (Калініна).

На падзеі ў Грузіі адрэагавалі заходнія палітыкі. Прадстаўнік Еўрапейскага Звязу ў замежных справах Жузэп Бурэль нагадаў, што краіна атрымала статус кандыдата на ўступленне ў аб’яднанне на ўмовах выканання рэкамендацыяў Еўракамісіі. А прыняты закон не адпавядае асноўным нормам і каштоўнасцям Еўразвязу. І можа негатыўна паўплываць на магчымую еўраінтэграцыю Грузіі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»