Лукашэнка рыхтуецца да параду: у Менску будуць перакрываць дарожны рух


Праз трэнаванні з 16-га траўня цягам чатырох тыдняў на маршруце калонаў абмяжуюць рух транспарту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер у нас заканчваецца першы этап падрыхтоўкі, у ходзе якога былі сфармаваныя парадныя разлікі. Была падрыхтаваная тэхніка. Тэхніка сканцэнтравана ў менскім гарнізоне. З 16 чысла ў нас пачынаюцца гарнізонныя трэнаванні», – кажа намеснік міністра абароны Беларусі Андрэй Жук.

Паводле Мінабароны, калона колавай тэхнікі будзе выязджаць з вайсковага мястэчка Уручча вуліцамі Заснавальнікаў, Скарыны, вонкавым колам МКАДу і гэтак да лётнішча «Ліпкі». Гэткім жа маршрутам пойдзе механізаваная калона на тракавай хадзе, толькі на апошнім этапе яна сыдзе праз гаражны кааператыў «Сядзюнг» у лес на грунтавую дарогу да лётнішча.

«Абмежаванне руху будзе ўводзіцца з 4:50 раніцы. Рух будзе закрыты на 1 гадзіну. Вяртанне механізаванай калоны будзе ажыццяўляцца пасля правядзення трэнаванняў. Пачатак руху механізаванай калоны а 20-й гадзіне. Рух будзе абмяжоўвацца пачынаючы з 19:50», – распавядае начальнік вайсковай аўтамабільнай інспекцыі Арцём Чыкіда.

За час свайго кіравання Лукашэнка чатыры разы не праводзіў парадаў. У 1999-ым праз трагедыю на Нямізе. З невядомых прычынаў не было іх і апошнія тры гады. Чаму праводзяць сёлета?

Парад 3 ліпеня ў Менску.
Фота: onliner.by

«Па-першае, гэта і круглая дата, што гэта 80 гадоў. Яму важна падкрэсліць сімвалічныя моманты і гэтак далей. Плюс, зноў жа, Пуцін парад правёў, а я што? Лох што лі? Ну, то бок таксама трэба правесці. І, відавочна, што для яго таксама гэта адна з нагодаў запрасіць усялякіх яму падобных да сябе на шабаш у Менск», – мяркуе вайсковы аналітык «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Сёлета ў парадзе бяруць удзел больш за 6 тысяч вайскоўцаў і каля 250-ці адзінак тэхнікі. Задзеюць баявыя самалёты і верталёты. Вядома, што ў 2018-ым годзе, пры ўдзеле чатырох тысяч вайскоўцаў, выдаткі склалі каля 2,5 мільёны долараў.

«Тут нейкія эканамічныя выдаткі абсалютна не цікавяць. Гэта жаданне прадэманстраваць уласную моц, прадэманстраваць моц сваёй улады і трываласць сваёй улады. Ну, і дамагчыся пэўных псіхалагічных эфектаў. Гэта тая мэта, якую ставіць перад сабой Лукашэнка», – тлумачыць кандыдат гістарычных навук і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Парады адбываюцца ў шмат якіх краінах свету. Чым жа яны адрозніваюцца ад беларускіх?

«У Польшчы гэта армія свабодных грамадзян. А ў Беларусі – прыгонныя сяляне, якіх сагналі сілком у гэтае войска. І іншыя прыгонныя сяляне з гарэлкай стаяць і на гэта паглядаюць. Ну, вось у гэтым і есць прынцыповая розніца», – кажа Зміцер Міцкевіч.

У мінулыя гады падчас парадаў у Беларусі апроч вайсковай тэхнікі можна было пабачыць і дасягненні айчыннай прамысловасці.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»