Мошкі атакавалі поўдзень Беларусі


Мошкі літаральна атакавалі Гомельскую і Берасцейскую вобласці. Жыхары поўдня краіны дзеляцца ў сацсетках вусцішнымі відэа. Як абараніць сябе і сваіх дзяцей ад назойлівай жамяры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нядаўняя моцная паводка ў сукупнасці з плюсавай тэмператураю паўплывала на з‘яўленне нечуванай колькасці мошак-крывасмокаў на поўдні Беларусі. Інсекты абляпляюць адзенне, вокны кватэраў і транспарту, а іх укусы могуць выклікаць сур‘ёзныя праблемы.

Сліна мошкі змяшчае гемалітычны яд, які і выклікае алергічныя рэакцыі. Сярод нярэдкіх сімптомаў: пякота, паколванне, сверб, ацёк скуры. Як правіла, мясцовая алергічная рэакцыя знікае сама сабой праз некалькі дзён. Аднак пры больш сур’ёзных рэакцыях, асабліва ў дзяцей і алергікаў, трэба звярнуцца да медыкаў, раіць Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

«Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на ўкусы мошак на галёнках і шчыкалатках. У гэтых месцах ацёк можа не сыходзіць некалькі тыдняў, што можа стаць прычынаю парушэння кровазвароту ў гэтай вобласці ды справакаваць узнікненне хваробаў судзінаў. Каб пазбегчы алергіі, пасля ўкусу лепш прыняць антыгістамінны прэпарат», – раяць эксперты ЦГЭГЗ.

У перыяд найбольшай актыўнасці гэтых крывасмокаў спецыялісты раяць:

– выключыць прагулкі паблізу вадаёмаў, як мага менш заставацца на дварэ;

– выбіраць адзенне, якое максімальна закрывае цела, пажадана светлае;

– выкарыстоўваць рэпеленты, якія адпужваюць жамяру.

А вось, напрыклад, з народных сродкаў дапамогуць эфірныя алеі мяты, лаванды ці гваздзікі: некалькі кропель трэба нанесці на адзенне. Алергікам пры выхадзе на прыроду раяць мець пры сабе набор медыкаментаў, падабраных лекарам. Для гэтай катэгорыі асоб укус мошкі можа быць не проста небяспечны для здароўя, але і для жыцця.

Святлана Кубрак, «Белсат»