У свеце адзначаюць Міжнародны дзень культуры


Музычную прэмію «Uwaga!» уручылі найлепшым беларускім музыкам у эміграцыі. Як і шматлікія іншыя беларускія культурныя імпрэзы, падзея адбылася за мяжою. Амаль 4 гады айчынныя творцы вымушаныя пакідаць радзіму, ратуючыся ад палітычных рэпрэсіяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тыя творцы, што апынаюцца ў іншых краінах, сутыкаюцца са шмат якімі выклікамі. Калі яны хочуць застацца ў прафесіі, то, безумоўна, ім трэба праявіць, акрамя таленту, шмат якіх здольнасцяў і пры гэтым захаваць сябе», – кажа кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Творчасць жа некаторых музыкаў, якія засталіся на радзіме, выкарыстоўваюць як частку прапаганды. Гэтак, з эфіраў радыё і тэлебачання не сыходзяць песні «Ах, Аляксандр!», «Бульба-дэнс», «Зроблена ў Беларусі». Аўтарку гэтых «хітоў» – нявестку Аляксандра Лукашэнкі Ганну Сялук – летась узнагародзілі дзяржаўнаю прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Але іншым трэба даказваць сваю лаяльнасць да ўладаў. Для выступу музыкам неабходныя гастрольныя пасведчанні, а арганізатары канцэртаў мусяць падавацца на ўлік у адмысловы рэестр. Калі да біяграфіі артыстаў у чыноўнікаў узнікаюць пытанні – выступ забараняюць. Такі стан рэчаў адбіваецца на якасці айчыннага культурнага прадукту.

«Проста абнізіць усё, што ствараецца ў тым ліку праўладнымі творцамі – мне здаецца, гэта не шлях правільны. Але пры гэтым казаць пра тое, што мы маем нейкія ўзоры добрай якасці, я б таксама не стаў», – адзначае Сяргей Будкін.

Ганна Сялук
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ганна Сялук падчас гала-канцэрту «Песня года Беларусі». Менск, 8 сакавіка 2023 года. Фота з сайта ОНТ

За непадпарадкаванне правілам і адсутнасць адпаведных дакументаў – штраф: артысту – да 50 базавых велічынь, арганізатару – да 500 базавых велічынь. За праявы вальнадумства – арышт.

Гэтак, музыкам рок-гурта «Nizkiz» днямі прысудзілі два з паловаю года «хатняй хіміі». Трынаццаццю соднямі арышту пакаралі паэта і выканаўцу аўтарскай песні, бацьку семярых дзяцей Сяргея Мельянца. За кратамі застаюцца 158 іншых дзеячаў культуры.

Ад дзеянняў рэжыму цярпіць не толькі музыка. Летась пасля скаргі прапагандысткі Вольгі Бондаравай у Зэльве знішчылі помнік выбітнай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Маўляў, яна сімвал БЧБ-руху.

Абараніць такія помнікі ад знішчэння памагла б неабыякавасць саміх беларусаў.

«Кожны грамадзянін Беларусі можа хадатайнічаць аб наданні таму ці іншаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Па-ранейшаму працуюць звароты, дзейнічае заканадаўства аб зваротах грамадзян», – адзначае гісторык, эксперт у пытаннях культурнай спадчыны Сцяпан Стурэйка.

Але звароты працуюць не заўжды. Нягледзячы на петыцыю жыхароў, у Магілёве ў хуткім часе знішчаць дарэвалюцыйны дом – помнік драўлянага дойлідства. Гэты будынак было б прасцей захаваць, калі яго б наведвала больш турыстаў, упэўнены Сцяпан Стурэйка:

«Адзін з апошніх легальных спосабаў адзначэння ўласнай беларускасці – гэта вандраванне па краіне, турызм, знаёмства з мясцінамі. Я заклікаю ўсіх: набліжаецца лета – заплануйце сабе, хто гэта можа, як найбольш падарожжаў».

Ад недагляду чыноўнікаў ці на іх наўпроставы загад разбураюцца і іншыя помнікі архітэктуры. Гэтак, сёлета ў Горадні знеслі казармы канца ХІХ ст., якія мясцовыя чыноўнікі раней абяцалі рэканструяваць.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»