У Менску прапаноўваюць змяніць сістэму паасобнага збору смецця


Менскія камунальнікі прапаноўваюць адмовіцца ад паўсюднага ўсталявання каляровых кантэйнераў для розных відаў адкідаў. І прапаноўваюць перайсці на двухкантэйнерную сістэму сартавання смецця. Ці дапамогуць гэткія змены наладзіць эфектыўны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менчукі не справіліся з сартаваннем смецця. Ва ўсялякім выпадку, гэтак лічаць чыноўнікі. І прапаноўваюць выйсце: скідваць смецце ў два кантэйнеры. У адзін – побытавыя адкіды, якія не перапрацоўваюцца. У другі – другасныя рэсурсы.

Але гэткая прапанова, паводле экаактывісткі Марыі, ва ўспрыняцці многіх людзей будзе крокам назад. Яны будуць дэматываваныя. Маўляў, калі на дзяржаўным узроўні сартыроўка не патрэбная, то навошта старацца нам.

Кантэйнеры для паасобнага збору паперы, пластыку і шкла ў Беларусі пачалі ўсталёўваць у пачатку 2000-х гадоў. Цяпер іх больш за 330 тысячаў. Але сістэма збору смецця, якая ў Беларусі нібыта не працуе, цудоўна функцыянуе ў заходніх краінах. Напрыклад, у Польшчы. У кантэйнер сіняга колеру выкідаем паперу; пластык і метал – у кантэйнер жоўтага колеру. На шмат якіх пляцоўках ёсць кантэйнеры для шкла і для біялагічных адкідаў.

Найбольш жа паспяховыя ва ўкараненні сістэмы паасобнага збору смецця – Аўстрыя, Бельгія, Нямеччына і Швецыя. Палова адкідаў у гэтых краінах ідзе на перапрацоўванне. Дасягаюць такіх паказнікаў праз гнуткую сістэму заахвочвання і пакарання. Гэтак, кажа інжынерка ў ахове навакольнага асяроддзя Ірына Герэра, з людзьмі размаўлялі, адукоўвалі і спрабавалі відавочна паказаць, чаму трэба сартаваць і чаму гэта важна. Камусьці было цяжка данесці хутка, таму ўвялі сістэму штрафаў, і штрафы былі велізарныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Смецце.
Фота: Philippe Lissac / Godong / Universal Images Group / Forum

Акурат у Беларусі праз адсутнасць стымулаў сістэма паасобнага збору смецця аказалася неэфектыўнай. Экаактывістка Марыя ўпэўнена, каб людзі сартавалі смецце, для іх гэта павінна быць эканамічна выгадна, альбо эканамічна не выгадна не сартаваць. Гэтак, тарыфы на вываз сартаванага і несартаванага смецця павінныя адрознівацца.

Таксама і для добрага функцыянавання двухкантэйнернай сістэмы сартавання да людзей трэба данесці, якія адкіды ў Беларусі ідуць на перапрацоўванне. Але хто мусіць адукоўваць?

Суаарганізатарка акцыі прыбірання смецця «Зробім» Марыля Дакуцька лічыць, што кожны павінен пачаць з сябе. Але рэсурсы і магчымасці павінная даць дзяржава, у інтарэсах якой супрацоўнічаць у гэтай галіне з людзьмі.

Аднак у нашай краіне пасля 2020-га года зліквідавалі большасць экалагічных недзяржаўных арганізацыяў. Яны акурат і займаліся прасоўваннем экалагічнага ладу жыцця і адукацыяй людзей.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»