Расейская ядравая зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі?


Страшыў Лукашэнка, страшыў Пуцін. А пад Асіповічамі ўжо створана і знойдзеная адмысловая база, на якой можна захоўваць ядравую зброю. Адкрыццё робіць Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў. Аналіз спадарожнікавых здымкаў паказвае ясна і дакладна. Ці сапраўды Беларусь ператварылася ў ядравую дзяржаву і чым гэта пагражае нам усім?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейская тактычная ядравая зброя ўжо ў Беларусі. Пра гэта амерыканскаму выданню «Foreign Policy» паведаміў міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас. Дык што ж адбываецца?

«Інфармацыя пра тое, што ядравая зброя, хутчэй за ўсё, ужо на тэрыторыі Беларусі, з’яўлялася і раней. У прынцыпе, хутчэй за ўсё, можна зрабіць здагадку, што яна хутчэй ужо ёсць на тэрыторыі Беларусі, чым яе няма», – зазначае вайскова-палітычны аглядальнік з Украіны Ігар Леўчанка.

Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў паведаміла, што заўважыла мадэрнізацыю вайсковага складу на ўсходзе ад Асіповічаў. На спадарожнікавым здымку відаць, што частка дэпо каля райцэнтру абсталяваная чатырохступенным ахоўным перыметрам і крытым ахоўным пунктам доступу. Уцечка дакументаў на «Discord» паказала, што ў лютым афіцэр Міністэрства абароны Расеі праінспектаваў абʼект.

Упершыню пра размяшчэнне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі летась у чэрвені заявіў Уладзімір Пуцін. З таго часу яны з Лукашэнкам неаднойчы выкарыстоўвалі гэтую тэму, каб пагражаць краінам Захаду. Пры гэтым Пуцін падкрэсліваў, што не перадае зброі, а толькі размяшчае яе, не парушаючы міжнародных абавязанняў. Лукашэнка, наадварот, намагаецца падкрэсліць, што мае доступ да ядравай кнопкі.

«У Лукашэнкі доступ ёсць толькі да ягонай клюшкі, з якой ён гуляе ў хакей. Доступу ні да якой кнопкі ў яго няма. Таму што ўсе рашэнні, звязаныя з вайсковымі дзеяннямі, з важнымі вайсковымі пэўнымі рэчамі на тэрыторыі Беларусі, прымаюцца ў Крамлі. Лукашэнка за сферу нацыянальнай бяспекі, як і за знешнюю палітыку Беларусі, не адказвае», – зазначае вайсковы аналітык «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Крыніца: jacos.net

Менск уключыў ядравую зброю ў праект новай ваеннай дактрыны. Настолькі разбуральнае ўзбраенне ўпершыню згаданае ў канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, якую плануюць прыняць напрыканцы красавіка на так званым Усебеларускім народным сходзе. Але ці не вылезе ядравая зброя Лукашэнку бокам?

«Размясціўшы, напрыклад, ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі, Пуцін такім чынам падстаўляе Беларусь пад патэнцыйны ядравы ўдар з боку NATO. Таму што менавіта ядравыя абʼекты ёсць першачарговымі цэлямі», – засцерагае Ігар Леўчанка.

Як лічыць вайсковы аналітык «Белсату» Зміцер Міцкевіч, размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – толькі першы этап планаў Крамля:

«Гэты ядравы шантаж зʼяўляецца часткай ягонай палітыкі, і яны сапраўды разлічваюць на тое, што яны выкарыстаюць ядравую зброю або будуць пагражаць заходнім гарадам яе прымяненнем».

Пацверджанне гэтага – апошняе інтэрвʼю Пуціна расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. У ім гаспадар Крамля заявіў, што з вайскова-тэхнічнага гледзішча Расея гатовая да ядравай вайны.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»