Праблемныя заводы падтрымліваюць за кошт беларусаў


Савет Міністраў пастанавіў дапамагчы шэрагу харчовых прадпрыемстваў пагасіць пазыкі. За кошт бюджэту, то бок беларускіх падаткаплатнікаў. І гэта не першы такі выпадак, калі ўлады кормяць дзяржаўны сектар субсідыямі, таннымі крэдытамі, сродкамі на мадэрнізацыю. Але дзяржаўныя прадпрыемствы па-ранейшаму паказваюць нізкую эфектыўнасць. Рэжым, аднак, не спяшаецца нешта мяняць у гэтай сістэме. Чаму ўладам выгадна захоўваць такі стан рэчаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сямі мяса-малочным прадпрыемствам Віцебшчыны дапамогуць выплаціць даўгі па крэдытах за кошт дзяржаўнага бюджэту – пастанавіў Савет Міністраў. Здавалася б, ежу беларусы купляюць штодня, плюс яна ідзе на экспарт у тую ж Расею. Чаму тады гэтыя прадпрыемствы не маюць грошай, каб пагасіць крэдыты?

«Уся дзяржаўная эканоміка Беларусі працуе менавіта ў такім рэжыме, калі навязваюць нейкія інвестпраекты, нейкія крэдыты, патрабуюць нейкіх вынікаў у выглядзе лічбаў, а потым гэтае прадпрыемства не можа самастойна пагасіць гэтых крэдытаў і патрабуе нейкіх зніжак, адтэрміновак», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Больш за 5 мільёнаў рублёў запазычанасцяў харчовых прадпрыемстваў Віцебшчыны падлягаюць субсідыям з бюджэту. Яны не пакрыюць гэты доўг цалкам, але дапамогуць пагасіць адсоткі. Далёка не першы выпадак, калі прадпрыемствы выцягваюць з фінансавай ямы коштам дзяржавы, то бок сплачаных беларусамі падаткаў. У праблемны спіс трапляюць нават флагманы прамысловасці.

Лукашэнка часам абураецца, але не спяшаецца рэфармаваць дзяржаўнага сектару. Нягледзячы на сталыя праблемы. Гэтак, летась 66 адсоткаў пратэрмінаваных даўгоў прадпрыемстваў па крэдытах і пазыках прыпадала менавіта на дзяржаўныя. Паводле МВФ, ужо ў 2012-ым годзе прыбытак на аднаго працаўніка ў прыватным сектары быў на 40 адсоткаў большы, чымся ў дзяржаўным. Выхад з сітуацыі незалежныя эканамісты бачаць у прыватызацыі. Ладзіць яе ўлады не спяшаюцца: больш за 70 адсоткаў беларускай прамысловай вытворчасці дасюль прыпадае на дзяржсектар. Адна з прычынаў, праз якія Лукашэнка супраціўляецца прыватызацыі, – імаверна, нежаданне прызнаваць хібнасць уласных поглядаў.

«Дзяржава ніяк не можа прызнаць, што планавая эканоміка, якая існуе ў фантазіях Лукашэнкі, якая нібыта добра працавала ў Савецкім Саюзе (хаця працавала кепска), не можа працаваць у сённяшніх умовах», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Кантроль над заводамі таксама азначае кантроль над іх працаўнікамі.

«Лёгка кіраваць такімі прадпрыемствамі, лёгка кіраваць такімі калектывамі. Лягчэй, чым нейкімі дробнымі прыватнымі кампаніямі ці айцішнікамі, якіх Лукашэнка ўжо ненавідзіць. Лёгка патэлефанаваць дырэктару «Гарызонту» або «Гомсяльмашу» і даць яму ўказанне. І там паслухаюцца», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Гэта пацвярджаюць рэпрэсіі, якія, паводле Рабочага руху, цяпер адбываюцца на дзяржаўных прадпрыемствах. Палітычна ненадзейных звальняюць або пакідаюць на працы пад пільным наглядам.

«Чалавека выклікаюць у службу бяспекі кожнага прадпрыемства і ўжо па выніках так званага сумоўя вырашаюць, што з ім рабіць. А часам проста на выхадзе са службы бяспекі людзей затрымлівае КДБ і вязе на допыт», – распавядае прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Доля занятых у дзяржаўным сектары апошнімі гадамі зніжалася. Але, паводле розных звестак, там працягваюць працаваць да траціны эканамічна актыўных жыхароў Беларусі. Паводле Аляксандра Сакалова, шмат у каго праз агульную эканамічную сітуацыю ў краіне проста няма іншага выбару. То бок усе гэтыя людзі патэнцыйна могуць стацца ахвярамі рэпрэсіяў у выпадку сваёй нелаяльнасці ўладам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»