Дзень Канстытуцыі ў Беларусі


Свята Закону ў краіне, фактычная ўлада якой не першы год прыбывае ў рэжыме «часам не да законаў». Адмыслова ў гэты дзень так званыя дэпутаты ўхвалілі законапраект, згодна з якім Усебеларускі народны сход атрымаў права заканадаўчай ініцыятывы. Год таму такое права ўпісалі ў Канстытуцыю. Сёння яе галоўны аўтар павіншаваў беларусаў, але ці тыя – святкуюць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стартаваў вясновы прызыў у беларускае войска. Прызыў у момант, калі ў суседзяў ідзе вайна, а Беларусь падтрымлівае краіну-агрэсара і мае выцерты з Канстытуцыі пункт аб вайсковым нейтралітэце краіны.

Сёння дзень гэтай Канстытуцыі, і вайскоўцы віншуюць:

«Канстытуцыя – гэта залог міру, стабільнасці і згоды ў краіне».

«Нашая галоўная задача – развіццё краіны адпаведна каштоўнасцямі, замацаванымі ў Канстытуцыі».

У гэты дзень і Лукашэнка апублікаваў віншаванне, у якім пераконвае:

«Асноўны Закон краіны адлюстроўвае шматвекавое імкненне беларусаў самім вызначаць свой шлях развіцця, жыць у незалежнай дзяржаве, сваёй працай забяспечваць дабрабыт грамадства».

Але з мінулагодняй песні словаў не выкінеш. Напярэдадні апошняга канстытуцыйнага псеўда рэферэндуму і напярэдадні вайны Лукашэнка не хаваў ролі Асноўнага Закону Беларусі:

«Цяпер я сяджу і гляджу на Канстытуцыю, на кожны радок. Як і раней. Я яе сам пісаў! Юрысты пісалі пяром, а я дыктаваў, бо бачыў – я прэзідэнт, – якія мне патрэбныя паўнамоцтвы, каб утрымаць краіну».

Таму законы і правы грамадзянаў, гарантаваныя Канстытуцыяй, і тыя, што дзеюць у рэчаіснасці, – «дзве паралельныя лініі, якія не перасякаюцца», кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

«Тыя рэферэндумы, якія праводзіліся – гэта была такая спроба ўсунуць рэчаіснасці ў нейкія фармальныя прававыя лекалы. Але падкрэсліваю – як яна не дзейнічала пасля 1996 году, так не дзейнічае і сёння».

Паводле Анатоля Лябедзькі, на гэты момант беларусы не маюць Канстытуцыі, бо не яна, а ўказы ды пастановы Лукашэнкі на справе маюць найвышэйшую сілу.

Канстытуцыя Беларусі, якую Вярхоўны Савет 12 склікання прыняў 15 сакавіка 94-га году, была першаю ў суверэннай гісторыі нашай краіны і дзейнічала два гады. У 96-ым парламенцка-прэзідэнцкую форму кіравання краінай замянілі прэзідэнцкаю.

Было яшчэ некалькі так званых рэферэндумаў, праз якія нязменны фактычны кіраўнік Беларусі перапісваў Канстытуцыю пад свае патрэбы. Адрозненне апошняй версіі Закону ў тым, што не толькі Лукашэнка юрыстам, але і Пуцін Лукашэнку надыктоўваў яе змест. Пры гэтым мэта Уладзіміра Уладзіміравіча трансфармавалася цягам двух гадоў.

«Калі ў 2020 годзе яна разглядалася як інструмент для мяккай паступовай замены Лукашэнка на некага іншага, то сёння гэта пераўтвараецца ў яшчэ адзін падмурак для рэжыму Лукашэнка», – лічыць Лябедзька.

Пра гэта ведае або здагадваецца прынамсі частка беларусаў. У нашых гледачоў мы запыталі, ці чыталі яны Канстытуцыю. Варыянт адказу «калі ў краіне не да законаў, то навошта пра іх чытаць» набраў 70 % галасоў. 14 % чыталі Канстытуцыю 1994-га года і 8 % – у змененых варыянтах.

Юлія Цяльпук, «Белсат»