Сілавікі паказалі жорсткі парадак на выбарчых участках


На парушальнікаў – рэагаваць жорстка. Менскія сілавікі прадэманстравалі, як будуць забяспечваць парадак на выбарчых участках у гэтак званы адзіны дзень галасавання. Паглядзець на тактычна-спецыяльныя заняткі запрасілі і кіраўніцу Савету Рэспублікі Наталлю Качанаву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы адпрацоўвалі сітуацыі, якія былі ў рэальнасці ў нас у 2020-м, а таксама ў іншых краінах. То бок мы абагульнілі ўсю інфармацыю і сёння адпрацавалі разам са старшынямі выбарчых камісіяў. З 19 лютага асабісты склад органаў унутраных справаў РБ і ўнутраныя войскі будуць пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт нясення службы», – заявіў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Дапамагчы з забеспячэннем парадку падчас выбараў нібыта гатовыя і найміты групы Вагнэра, якія цяпер трэнуюць лукашэнкаўскіх сілавікоў. Пра гэта днямі казаў камандуючы войскамі Міністэрства ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў.

«Яны ведаюць, што на самой справе і незадаволеных большасць, і людзі жадаюць некаторыя, нават нягледзячы на заклікі апазіцыі ігнараваць гэтыя выбары, і хочуць прыйсці, нешта зрабіць, неяк праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, дзеля гэтага цяпер сілавікі і трэнуюцца. Яны ведаюць, што пратэсны настрой хоць і схаваны, але на самой справе вельмі вялікі», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Выбарчы ўчастак у Горадні, Беларусь.
Фота: Белсат

Кандыдаты ў гэтак званыя дэпутаты ўжо вызначаныя, цяпер жа сталі вядомыя падрабязнасці аб прыбытках і маёмасці некаторых кандыдатаў у дэпутаты. Газета «Віцебскія весці» апублікавала дэкларацыю старшыні адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сергеенкі, які балатуецца ў парламент, звярнула ўвагу выданне «Зеркало». За 2022 год чыноўнік, які мае кватэру ў Менску, зарабіў амаль 128 тысяч рублёў, а гэта больш за 10 тысяч штомесяц. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка мяркуе, што насамрэч лічбы большыя:

«Трэба таксама ўлічваць, што Лукашэнка выкарыстоўвае практыку выплаты заробкаў у капэртах. Сумы розныя ў залежнасці ад пасады, якую займаеш. Гэта ўсё выдаецца пад ведамасць, якая мае грыф “Сакрэтна”».

Больш заможным на фоне Сергеенкі выглядае гендырэктар холдынгу «Марка» Павел Мартынаў. Кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога савету за 2022 год задэклараваў амаль 411 тысячаў рублёў прыбытку, ці больш за 34 тысячы рублёў штомесяц. Акрамя нерухомасці, Мартынаў мае багаты аўтапарк, прынамсі, з 23-х нямецкіх легкавікоў. Адрозна ад патэнцыйных дэпутатаў, Лукашэнка амаль на ўсе выбарчыя кампаніі, акрамя 2001 года, ішоў жабраком, паказваючы толькі заробак.

«Яму належыць уся Беларусь. Яму належаць дзясяткі рэзідэнцыяў, якія не ўваходзяць у ягоную, фармальна кажучы, маёмасць. Так што ён можа працягваць такую лінію, што вось ён разам з народам, такі бедны-няшчасны і нічога не мае», – адзначыў Віталь Цыганкоў.

На некаторых дзяржаўных прадпрыемствах у Беларусі, паводле незалежных тэлеграм-каналаў, ужо прымушаюць складаць спісы тых, хто прагаласаваў на так званых выбарах. Тым, каго ў спісе не будзе, пагражаюць спагнаннямі. Хоць ёсць і іншыя прыклады матывацыі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»