Сілавікі адрапартавалі аб чарговых затрыманнях


 Як мінімум чацвёра асобаў трапілі ў рукі сілавікоў у аграгарадку Моталь Іванаўскага раёну на Берасцейшчыне. Масавыя хапуны апошнім часам адбываюцца ў розных рэгіёнах. Пры гэтым, напрыклад, паводле колькасці затрыманых каталіцкіх святароў Беларусь – у сусветных лідарах. Разам з Нікарагуа.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На трыста шэсцьдзесят выпадкаў больш. Гэтак у 2023 павялічылася колькасць прысудаў з пазбаўленнем волі ў параўнанні з папярэднім годам. Агулам за краты трапілі больш як тысяча шэсцьсот асобаў. І гэта толькі тыя выпадкі, пра якія вядома, адзначае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. Паводле яго, крымінальны пераслед – асноўны цяпер інструмент для задушэння любога роду пратэснай актыўнасці і іншадумства.

Змяніўся спіс крымінальных артыкулаў, з якімі пераследуюць паводле палітычных матываў. Менш стала асуджаных за знявагу прадстаўніка ўлады, у той час як за паклёп на Лукашэнку – пабольшала. Па-ранейшаму нямала асобаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці за нібыта распальванне сацыяльнай варожасці. Але больш за ўсё беларусаў судзілі паводле артыкулу, датычнага арганізацыі і рыхтавання дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўнага ўдзелу ў іх. Сталі часцей асуджаць і за падтрыманне так званых экстрэмісцкіх фармаванняў ці ўдзел у іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ведомости

Як кажа Павел Сапелка, такі статус рэжым надае розным суб’ектам грамадзянскай супольнасці, пратэсным суб’ектам, СМІ. Адпаведна, любая форма ўзаемадзеяння з імі трапляе пад крымінальную справу.

Распаўсюджанымі сталі крымінальныя справы за данаты на дзейнасць грамадскіх ініцыятываў. У гэтым выпадку асуджаюць за фінансаванне тэрарызму і экстрэмізму. Менавіта за данаты быў пазбаўлены волі палітвязень Вадзім Храсько, які памёр у віцебскай калоніі нумар тры ўночы дзявятага студзеня. Ён працаваў у IT-сферы. У мужчыны засталіся жонка і двое малых дзяцей.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»