Еўрапарламент уручыў Прэмію імя Сахарава


Сёння ў Страсбуры ўручылі прэмію Сахарава «За свабоду думкі». Лаўрэатам 2022-га года Еўрапарламент абвясціў адважны ўкраінскі народ. Еўрадэпутаты таксама адзначылі ролю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ды іншых дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэмію «За свабоду думкі» Еўрапарламент заснаваў у 1988-ым годзе ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава. Яе прысуджаюць людзям ці грамадскім арганізацыям за выдатны ўнёсак у абарону свабоды думкі. Кандыдатаў вылучаюць сорак еўрадэпутатаў. Сёлета большасць галасоў ад іх атрымаў украінскі народ, які супрацьстаіць расейскай агрэсіі.

«Няхай сённяшняя ўзнагарода будзе напамінам пра нашае непахіснае падтрыманне. І няхай яна будзе прысвечаная ўсім мужным украінцам на зямлі. Усім, каго мы віталі з адкрытымі сэрцамі ў нашых дамах. І ўсім тым, хто страціў сваю любімую сям’ю і сяброў. І я ведаю, што мужны народ Украіны не здасца. І дазвольце запэўніць вас, што і мы не будзем. Слава Украіне!», – заявіла старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля.

Ад імя ўкраінскага народу да ўдзельнікаў цырымоніі звярнуўся Уладзімір Зяленскі. Ён адзначыў, што без Украіны і без волі немагчыма ўявіць Еўропы.

«Калі цяпер мы пераможам, украінцы і ўсе еўрапейцы, мы пераможам так, каб ніколі зноў не было спробаў пазбавіць Еўропу Украіны і волі. Мы пераможам так, каб нават не было намаганняў ужыць ізноў генацыдную палітыку супраць нашых людзей. Як ва Украіне, так і ўва ўсёй Еўропе», – заклікаў Уладзімір Зяленскі.

Сярод тых, хто сёння ў Еўрапарламенце атрымаў узнагароду, – старшыня праваабарончай арганізацыі «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» Аляксандра Матвійчук. Сёлета яна таксама стала нобэлеўскаю лаўрэаткаю. На ейную думку, сахараўская ды іншыя прэміі – гэта найперш магчымасці для Украіны.

«Каб перасталі гінуць людзі на фронце, каб перасталі гінуць людзі ў тыле і каб перасталі гінуць людзі ў акупацыі. Пуцін спыніцца тады, калі яго спыняць. Гэтыя прэміі падсвятляюць пэўныя аспекты і праблемы працы ды патрэбы ўкраінцаў і дапамагаюць іх пераадольваць», – распавяла Аляксандра Матвійчук.

Лаўрэатамі прэміі Сахарава ў розны час рабіліся і беларусы. Першай у 2004-ым годзе ўзнагароду атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

«Гэта было вельмі пачэсна для нас. Памятаю, як старшыня БАЖ Жанна Літвіна выступала ў Еўрапарламенце з высокай трыбуны. Я там сядзеў, бачыў гэта. Я ведаў, як яна хвалявалася, але ўсё прайшло цудоўна», – падзяліўся ўспамінамі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Праз два гады Беларусь ізноў прагучала ў Еўрапарламенце. Лаўрэатам прэміі тады стаўся Аляксандр Мілінкевіч, апанент Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2006-га года.

«Гэта прэмія не ўзнагароды за доўгія гады працы на калгасных палях. Гэта прэмія надзеі. Гэта прэмія таго, што мы вас маральна падтрымліваем. Мы падтрымліваем тое, за што вы змагаецеся. Нам гэта важна», – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, які зараз з’яўляецца канцлерам Вольнага беларускага ўніверсітэту.

Прэмія Сахарава, на думку Аляксандра Мілінкевіча, – другая ў свеце пасля Нобэлеўскай. І калі ёй адзначаюць беларусаў – значыць, пра нас памятаюць. Так было і ў 2020-ым годзе, калі ўзнагароду атрымала беларуская дэмакратычная апазіцыя.

Ірына Юрʼева, «Белсат»