Якія змены падрыхтавалі для беларускіх аўтамабілістаў і пешаходаў


Аўтамабіль – крыніца павышанай небяспечнасці. Пра гэта кажа Грамадзянскі кодэкс. Любую прычыненую шкоду пакрывае законны ўладальнік аўтамабіля. Але ў Беларусі хочуць узмацніць адказнасць пешаходаў.

Плаціць кампенсацыю даводзіцца нават у тых выпадках, калі пешаход, які трапіў пад машыну, быў п’яны або груба парушыў правілы дарожнага руху. Пакараць могуць не толькі ўласніка, але і таго, хто кіруе аўтам паводле даверанасці, дамовы арэнды ці бязвыплатнага карыстання.

Цяпер жа хочуць узмацніць адказнасць пешаходаў, а кіроўцаў – вызваліць ад неабходнасці плаціць кампенсацыю, калі ў дарожна-транспартным здарэнні вінаваты пацярпелы, а не кіроўца. Паводле эксперта, пешаход мусіць паклапаціцца пра сябе сам.

«Пешаходы не разумеюць, што таксама нясуць адказнасць за сваю бяспеку. Я шмат часу праводжу за стырном. З майго досведу пешаходы думаюць, што ім усе і ўсё вінны», – паведаміў уладальнік аўтасэрвісу Сяргей Прудштэйн.

Таксама Беларусь і Расея дамовіліся пра ўзаемнае прызнанне штрафаў за парушэнні правілаў дарожнага руху. Аўтаінспекцыі будуць абменьвацца інфармацыяй пра ўсіх парушальнікаў, у тым ліку тых, чые аўты трапілі на здымкі дарожных камераў. Штраф дашлюць поштаю.

«Гэта зроблена для таго, каб кіроўца ў іншай краіне не адчуваў сябе бяскарным. Ён павінен ведаць, што і тут яго чакае пакаранне, калі будзе парушаць правіла», – дадаў Сяргей Прудштэйн.

Акт ужо ўзгаднілі прэзідэнты і кіраўнікі МУС Беларусі і Расеі. Але пакуль закону канчаткова не зацвердзілі. Сёлета за першае паўгоддзе з віны беларусаў у Расеі адбылося 115 ДТЗ, у якіх загінулі 25 чалавек. Звестак аб колькасці парушэнняў, якія ўчыняюцца расейцамі ў Беларусі, – няма.

Hавiны
Паміж Беларуссю і Расеяй запрацавала «Сіняя карта» аўтастрахавання
2023.09.06 18:26

Андрэй Сульжыц, «Белсат»