Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: «Праца матуль высока ацэненая на дзяржаўным узроўні»


Дзень Маці – свята ў гонар кабетаў, які нараджаюць, клапоцяцца, выхоўваюць, навучаюць, але галоўнае – любяць. У сённяшняй афіцыйнай праграме – конкурсы, акцыі, канцэрты, уручэнні ордэнаў маці і размовы пра тое, як дзяржава клапоціцца пра жанчын. Мы ў гэты дзень – таксама падзякуем матулям за ўсё. Але таксама ўздымем праблемы, з якімі сёння сутыкаецца маці і сям’я агулам. Ды нагадаем пра тых матуляў, якія ў гэты дзень не атрымаюць віншаванняў ад блізкіх.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не забыцца і абавязкова павіншаваць матулю у гэты выключны дзень. Хоць сваю ролю ў жыцці дзіцяці маці выконвае ад панядзелка да панядзелка.

Найвышэйшая ўзнагарода для яе – шчаслівыя дзеці. Найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода – не для кожнай – Ордэн маці. Сёлета яго атрымалі шэсцьсот семдзесят дзве беларускі, агулам жа ўладальніц ордэну – трынаццаць тысячаў.

«Праца матуль высока ацэненая на дзяржаўным узроўні», – заявіў намеснік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Сёлета амаль Br 3 млрд выдаткавалі на выплаты дапамогі на дзяцей.

«У Рэспубліцы Беларусь на падтрыманне мацярынства, бацькоўства і дзяцінства накіраваная ўся сістэма нацыянальнага права ад Канстытуцыі да заканадаўства мясцовых органаў улады. Мы разумеем, што бацькоўства – гэта вялікая праца. Сэнс бацькоўства – не толькі вырасціць дзіця, але і выхаваць яго прыстойным чалавекам, годным грамадзянінам», – заявіў Валерый Кавалькоў.

Пра ролю маці ў Беларусі выказаўся і Леанід Недзень, дацэнт кафедры рэпрадуктыўнага здароўя «БелМАПО»:

«Дзень маці дае магчымасць пакрэсліць значнасць статусу маці і магчымасць ролі жанчыны-маці ў забеспячэнні дэмаграфічнай бяспекі і дабрабыту нашай краіны».

Міністр абароны ж падзякаваў кабетам – за сыноў, якія праходзяць тэрміновую службу, Што на такую падзяку можа адказаць маці, якая назірае мабілізацыю ў Расеі і перагляд правілаў прызыву ўдома? Яшчэ пад час сёлетняга «паслання» Лукашэнкі мы чулі голас такіх мацярок:

«Нас хвалюе пытанне, ці можа так здарыцца, што нашыя хлопцы з тэрміновай службы будуць ваяваць на чужой тэрыторыі?» – спытала маці 27-гадовага хлопца.

Лукашэнка перахрысціўся: «Украіну ўпамянулі… Упасі мяне гасподзь ваяваць супраць гэтага народу!»

Але ўсё хутка змяняецца вакол нас і ў рыторыцы самаабвешчанай улады. У матуль і дзяцей нямала пытанняў, якія варта сёння ўзняць, аднак не вядома, дзе дый ці можна?

«Свет неспрвядлівы і па якіх законах у ім жыць – не зразумела. Бо гэтыя ўмовы ўвесь час змяняюцца. Тое што ўчора было можна, сёння “нельга” рабіць. Сёння шмат у чым разгубленыя і бацькі, і дзеці».

Але ў дзяржаўнай праграме святкавання – конкурсы, канцэрты, акцыі. Паміж чатырнаццатага кастрычніка і дваццаць першага, за якім Лукашэнка замацаваў новае свята – Дзень бацькі, чыноўнікі арганізавалі так званы Тыдзень бацькоўскай любові. Будуць узнагароджваць узорныя семʼі і ўцягваць дзяцей у піянеры, БРСМ і вайскова-патрыятычныя клубы.

«Выхаваннем павінныя займацца выхавацелі, то бок бацькі і родныя. А школа павінная займацца адукацыяй. Тут атрымліваецца, што ты нараджаеш дзяцей для ўлады, для дзяржавы. Жанчыны кажуць, што няма жадання нараджаць дзяцей у гэты сусвет увогуле», – кажа псіхолаг Таццяна Скібская.

Найцяжэй, бадай, семʼям палітвязняў, у якіх рэпрэсавалі і маму, і тату. Учора два гады калоніі далі Алене Паўловіч і паўтара – яе мужу Дзмітрыю. Іхныя няпоўнагадовыя дзеці засталіся з бабуляю.

За «нядзельныя маршы» у 2020-м шматдзетнай маці Кацярыне Еўдакімавай сёння прысудзілі тры гады «хатняй хіміі», а яе мужу Антону Маслыку – паўтара года ў калоніі.

Тым, хто разам з дзецьмі лістуе таце або маме за краты, нялёгка ўспрымаць бадзёрыя заклікі «Беларускага саюзу жанчынаў», які сярод іншых святочных мерапрыемстваў запусціў акцыю з «Напішы ліст маме!»

Вольга Чамаданава, сябра прэзідыуму БСЖ:

«Паштоўку калі атрымаеш, пагадзіцеся – нават родны почырк свайго дзіцяці, паверце, гэта памяць. Можна паставіць у сябе на стале, захоўваць гэтую паштоўку».

Цікава, ці далятуць да адрасатаў паштоўкі, падпісаныя палітвязневымі дзецьмі?

Напрыклад, зняволеная берасцейка, маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк не атрымлівала вестак з дому ўжо некалькі месяцаў. Гэта даволі распаўсюджаны ў Беларусі від катаванняў палітзняволеных.

«Паліна ўжо боль за месяц знаходзіцца ў ШІЗА. Спачатку ёй далі 20 содняў. Потым яшчэ 20 содняў. Гэта паўпадвальнае памяшканне памерам метр на тры. Там няма нават ракавіны. Два месяцы без малога з ёю няма ніякай сувязі. Разумею так, што яна таксама не атрымлівае ад нас ніякіх лістоў», – распавёў муж Паліны Андрэй.

Такое неаднастайнае дзяржаўнае «дбанне» пра поўную сямʼю і нетраўматычнае дзяцінства. Славамір і Стах, якім цяпер 13 і 6 гадоў адпаведна, ведаюць праўду пра лёс маці, ганарацца ёю і лістуюць, насуперак усяму.

«З Днём мамы, мы цябе чакаем», – кажуць дамашнія.

Юлія Цяльпук, «Белсат»