Навошта Лукашэнка «саветызуе» Беларусь?


Беларусь імкліва саветызуецца. Яскравы прыклад: на Віцебшчыне школам масава надаюць імёны савецкіх вайскоўцаў і партызанаў, пішуць тамтэйшыя праваабаронцы.

Такога размаху гэты працэс не мае нават у суседняй Смаленскай вобласці Расеі. А па ўсёй Беларусі афіцыёзныя святы абрастаюць савецкімі дэкарацыямі. У той час як многія суседнія краіны даўно пазбавіліся ці пазбаўляюцца сімвалаў камуністычнага рэжыму. Чаму рэжым Лукашэнкі цягне Беларусь у мінулае? І як гэта можа паўплываць на будучыню нашае краіны?

Траціна школаў Віцебшчыны вярнулася ў СССР, зазначае «Віцебская вясна». З 350 школаў – больш чым 100 за апошнія чатыры гады набылі імёны выбітных людзей. Пераважна – савецкіх вайскоўцаў ды партызанаў.

Тэндэнцыя не выглядае выпадковай: пра неабходнасць вайскова-патрыятычнага выхавання моладзі ўвесь час кажуць высокія чыноўнікі.

«Паўстае пытанне: ці не рыхтуюць да вайны, узмацняючы гэтае выхаванне вайскова-патрыятычнае? Ці не рыхтуюць са школы да ўдзелу ў ваенным канфлікце?» – разважае Ягор Сурскі, спецыяліст у сферы адукацыі.

Цяперашняя беларуская рэчаіснасць з выразна савецкім прысмакам закладвалася падчас першых прэзідэнцкіх выбараў, мяркуе гісторык Яўген Красулін. У часткі грамадства была настальгія па нядаўнім мінулым.

«У выніку прыйшоў чалавек, які абяцае не светлую будучыню даць, не нейкія спадзяванні, а абяцае, што мы ўсе вернемся «ўзад». І гэта ўсё старанна робіцца», – кажа Яўген Красулін.

Вонкава лукашэнкаўская саветызацыя часам выглядае гратэскава і выклікае хіба ўсмешку. Але яе сутнасць далёка не вясёлая.

«Вось гэтым тэрорам, які пачаўся летам 2020 года, Беларусь вярнулі ў сталінскія часы. Гэтак званая саветызацыя можа прывесці да генацыду беларускага народу гэтым рэжымам», – мяркуе лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Адная з нядаўніх ахвяраў рэжыму – палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Ідзе зачыстка і культурніцкай прасторы: напрыклад, знік помнік Ларысе Геніюш, фактычна па-за законам абвясцілі беларускую лацінку, пашыраецца ідэалогія расейскага свету.

«Гэта ідэалагічнае супрацьстаянне двух полюсаў: нацыянальна-свядомага – і калабарацыянісцкага, акупанцкага», – кажа гісторык Святлана Куль-Сяльверстава. Беларусь некалі будзе вольная, мяркуе яна. І паўстане неабходнасць пераасэнсавання савецкай спадчыны.

«Гляджу на свой улюбёны горад – Горадню. Нашто нам там вуліца Кірава? Кім ён быў для Беларусі? Навошта нам плошча Леніна і вуліца Леніна? Вуліца Карла Маркса? Нашто гэта ўсё?» – задаецца пытаннем Святлана Куль-Сяльверстава.

«Нельга будаваць светлае мінулае. Можна ісці толькі наперад. Тым болей, гэтае мінулае прадэманстравала, што яно абсалютна не эфектыўнае і не дае ніякай магчымасці для развіцця і для будучыні. Таму яно і ёсць мінулым, што яго трэба даўно пакінуць, пахаваць, забыць пра яго», – мяркуе Яўген Красулін.

Паводле гісторыка, сам факт падзення савецкай сістэмы наглядна паказаў яе нежыццяздольнасць.

Валянцін Васіленка, «Белсат»