Слёзы радасці ад цёплага спаткання – пасля 18-ці гадоў Святлана Ціханоўская сустрэла сваю ірландскую сям’ю. У Гэнры і Марʼён Дынаў у мястэчку Раскрый яна бавіла час, калі прыязджала яшчэ дзяўчынаю.
«Ты не можаш гэтага апісаць, разумееце, гэтыя пачуцці. Таму што гэтыя людзі заўсёды былі ў маім сэрцы, але калі ты вяртаешся сюды апасля 18-ці гадоў, ты думаеш: а ці сапраўды прайшло 18 гадоў? Мы заўсёды былі на сувязі, увесь гэты час», – кажа Святлана Ціханоўская.
Ірландыю Святлана называе краінаю, якая заўсёды ў ейным сэрцы. У сямʼі Дынаў яна гасцявала больш за 10 разоў, у тым ліку пазней, як перакладчыца для дзяцей, якія таксама прыязджалі паводле Чарнобыльскай праграмы.
«Я думаю, да нас едзе тая ж Света, якой яна была ў дзяцінстве. Я не думаю, што ўнутры яна змянілася. У яе цяпер важная місія ў Беларусі, але яна тая ж Света», – апісвае Святлану Марʼён Дын.
«У дзяцінстве яна здзіўлялася, што мы можам крытыкаваць свой урад. Чаго нельга было рабіць у Беларусі. І заўсёды быў нейкі страх. Кожны раз, калі я прыязджаў у Беларусь, я адчуваў нейкае напружанне», – дадае Гэнры Дын.
Візіт у Ірландыю будзе кароткім. Учора дэмакратычная лідарка наведала беларускую дыяспару, заўтра ж Святлана сустрэнецца з урадам Ірландыі.
Надзея Бельская, «Белсат»