Ці чакаць новых праблемаў з візамі?


Раней спецслужбы выкрылі выпадкі выдачы польскіх візаў з прыкметамі карупцыі. Цяпер – працяг скандалу. Выданне «Dziennik Gazeta Prawna» звярнула ўвагу: дзясяткі тысяч асобаў маглі зрабіць сабе польскія студэнцкія візы і ніколі не распачаць навучання ў Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Год навукі ў польскіх вучэльнях каштуе 3120 еўраў, і людзі з такіх краінаў як Зімбабвэ, Руанда, Турцыя ці Індыя проста плацілі гэтыя грошы вучэльням, каб мець магчымасць легальна прыехаць у шэнгенскую прастору. Колькасць замежных студэнтаў на першым курсе некаторых польскіх ВНУ перавальвала 60%.

«Пры тым, што беларусы ў гэтых скандалах не замяшаныя, не вінаватыя. Беларусы тут з усіх бакоў церпяць, а ў выніку так, апынаемся крайнімі. Умоўна кажучы, нейкія людзі з Блізкага Усходу злоўжывалі студэнцкімі візамі, а трапляюць пад раздачу беларусы», – звяртае ўвагу каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.

Цяпер жа атрымаць польскую візу стала больш складана. У прыватнасці, студэнтам і выкладчыкам з Беларусі пачалі выдаваць візы не на год, а да канца семестру.

«Гэтая афера была моцна медыйна раскручаная перад парламенцкімі выбарамі, таму цяперашняя ўлада мае зрабіць усё, каб нечага такога ёй не прыклеілі. Улады не могуць сабе гэтага дазволіць і таму рэагуюць алергічна, завочна і, можа, робяць больш шчыльным працэс, хоць, падаецца, у значнай ступені гэта непатрэбна», – зазначае эксперт ва ўсходніх пытаннях з фонду «The Opportunity» Барташ Тэслаўскі.

Неўзабаве будучым студэнтам давядзецца паказваць на сумоўях у польскіх ВНУ сваё валоданне польскай альбо англійскай мовай і паказваць атэстат. Новыя бюракратычныя цяжкасці з боку краінаў Еўразвязу ў сукупнасці з закрытымі памежнымі пераходамі толькі штурхаюць беларусаў на Усход, мяркуе Вадзім Мажэйка:

«Зараз чалавек, для якога пару тысяч еўраў – гэта невялікія грошы, ён можа зрабіць праз візавы цэнтр у Менску досыць лёгка візу і паляцець самалётам у Еўропу праз Стамбул ці Дубай. Тут пытанне пары тысяч еўраў. А чалавек, у якога гэтых грошай няма? Напрыклад, сем’і былых палітвязняў, якія едуць да сваіх блізкіх у Еўропу, – яны вымушаныя стаяць дзясяткі гадзінаў у аўтобусе на мяжы».

Польская віза ў пашпарце
Польская віза ў пашпарце.
Фота: Белсат

У Абʼяднаным пераходным кабінеце сцвярджаюць, што спрабуюць развязаць праблему з мабільнасцю беларусаў, кажа намеснік кіраўніцы АПК Валер Кавалеўскі:

«Мы падтрымліваем сувязь з польскім урадам, з МЗС, каб вывучыць і стварыць новыя ўмовы для таго, каб падтрымліваць магчымасць атрымання візаў у Беларусі. Таксама працуем з Еўрапейскай камісіяй».

Паводле Валера Кавалеўскага, Беларусь у Еўразвязе ўспрымаюць як краіну-суагрэсарку, што ўскладняе перамовы. Аднак польскі эксперт мяркуе, што цяжкасці з польскімі візамі для беларусаў часовыя.

«Я нідзе не заўважыў, каб у палітыцы палякі забыліся пра адрозненне беларускага кіраўніцтва, улады і беларусаў. Я не бачу ў польскай палітыцы – замежнай і ўнутранай – якіх-небудзь сімптомаў антыбеларускасці як варожасці да грамадзянаў Беларусі. Беларусаў заўсёды высока ацэньвалі як працаўнікоў, яны добра інтэграваліся, мы маем сваю беларускую меншасць, якая ніколі, хоць я не люблю такіх абагульванняў, ніколі не стварала праблемаў», – распавядае Барташ Тэслаўскі.

Адмыслоўцы звяртаюць увагу: доўгі час беларусы заставаліся лідарамі ў атрыманні шэнгенскіх візаў. Кантакт беларусаў з Захадам спрыяў папулярызацыі дэмакратычных поглядаў, што сталася адною з перадумоваў дэманстрацыяў у 2020-ым годзе.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»