Расейцы наступаюць на Харкаўшчыне: сітуацыя напружаная, але стабілізуецца?


Пад няспыннымі абстрэламі жыхары Ваўчанску ў Харкаўскай вобласці вымушана пакідаюць свае дамы. Расейскія войскі, якія ўжо некалькі дзён прасоўваюцца на Харкаўскім кірунку, атакуюць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На дзень 13-га траўня ў Ваўчанску заставаліся каля двухсот мясцовых жыхароў. Старшыня мясцовай адміністрацыі Алег Сынегубаў запэўнівае: эвакуацыя працягнецца.

«Працягваем камунікацыю, што трэба выязджаць. Бо горад Ваўчанск вораг пачаў фактычна знішчаць. Б’е і артылерыяй, і фактычна танкамі. І там не тое што небяспечна, а немагчыма».

Акрамя Ваўчанску, акупанты наступаюць у кірунку Лыпцяў. За апошнія содні, паводле сэрвісу «DeepStateMap», ім удалося заняць чарговае сяло – Лукʼянцы. У Генеральным штабе ЗСУ патлумачылі, што ўкраінскія ваяры вымушана змянілі пазіцыі ў гэтым раёне. З 10-га траўня расейскія войскі здолелі захапіць каля дзясятка паселішчаў на Харкаўшчыне паблізу расейска-ўкраінскай мяжы.

«Што я хацеў бы адзначыць, гэта колькасць асабістага складу акупацыйных войскаў – паводле розных ацэнак ад 35 да 50 тысячаў. Падобнай колькасці недастаткова для правядзення шырокамаштабнага наступу. Больш за тое, аператыўнага атачэння і захопу Харкава», – патлумачыў вайсковы аналітык Дмытро Снегіроў.

Дык якія ж мэты пераследуе Расея? У Інстытуце вывучэння вайны дапускаюць, што акупанты намагаюцца стварыць гэтак званую буферную зону. У брытанскай выведцы ж заявілі, што такім чынам Крэмль спрабуе адцягнуць увагу ЗСУ ад іншых участкаў фронту.

«Харкаў – не апошняя зона эскалацыі. Хутчэй за ўсё будзе і Сумская вобласць. Мэта гэтых аперацыяў – адцягнуць увагу Генштабу Украіны ад асноўнага кірунку ўдару – гэта Данецкая вобласць», – адзначыў Дмытро Снегіроў.

Наступствы расейскага абстрэлу Харкаўшчыны. Фота synegubov / Telegram

Пра наступ расейцаў у Сумскай вобласці казаў і начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Кірыла Буданаў у інтэрвʼю выданню «The New York Times». Тады ж, паводле расейскамоўных медыяў, ён нібыта назваў сітуацыю на Харкаўшчыне ўсё больш крытычнаю. Аднак пазней у эфіры ўкраінскага тэлебачання кіраўнік ГУР выказаў больш аптымістычны прагноз:

«На ўчорашні вечар, на мой погляд, намецілася імклівая тэндэнцыя да стабілізацыі сітуацыі. Гэта значыць, праціўнік ужо заблакаваны на тых рубяжах, на якія ён здолеў выйсці».

Новы фронт Расея адкрыла на фоне затрыманняў паставак заходняй зброі Украіне. Данія паабяцала перадаць Кіеву F-16 – аднак не цягам аднаго месяца, як паведамілі журналісты першапачаткова, а цягам некалькіх месяцаў. Пра вайсковае падтрыманне казаў і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падчас свайго неанансаванага візіту ва ўкраінскую сталіцу:

«Мы ведаем, што цяпер цяжкі час, але мы таксама ведаем, што дапамога ўжо ў дарозе і найбліжэйшым часам прыбудзе. Частка яе ўжо прыбыла. Паступаць яе будзе больш, і гэта будзе мець рэальнае значэнне для барацьбы з расейскай агрэсіяй, якая працягваецца, на полі бою. І мы разам з шмат якімі іншымі партнёрамі Украіны поўныя рашучасці забяспечыць вам поспех на полі бою».

Для абароны Харкава і вобласці Украіна мае вострую патрэбу ў дзвюх сістэмах «Patriot». Заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»