Беларусы не пакінулі матчынай мовы?


29 гадоў таму адбыўся першы ў гісторыі нашай краіны рэферэндум. У выніку якога расейская мова набыла статус дзяржаўнай, а герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг змянілі на падпраўленыя савецкія сімвалы. Як паўплываў рэферэндум на беларускую мову і ці можна казаць, што нашая мова перажывае рэнесанс пасля дзесяцігоддзяў прыгнёту?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

54 %. Столькі нашых суайчыннікаў назвалі беларускую мову роднай у 2019 годзе, падчас апошняга перапісу насельніцтва. Разам з тым, паводле статыстыкі, за апошнія тры гады колькасць беларускамоўных школаў зменшылася на 5 %.

«У нас толькі 10 % беларускамоўных класаў, што ні аднаго ўніверсітэту няма беларускамоўнага. Немагчыма атрымаць заканадаўства, абслугоўвання на беларускай мове. Горшай сітуацыі ўжо, у прынцыпе, быць не можа», – зазначае юрыст і праваабаронца Ігар Случак.

Пагаршацца сітуацыя з беларускаю моваю пачала пасля рэферэндуму 1995-га года. Адным з пытанняў тады было наданне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай.

Апроч таго, на галасаванне вынеслі пытанне пра змяненне дзяржаўнай сімволікі, эканамічную інтэграцыю з Расеяй і пра надзяленне прэзідэнта правам распускаць парламент.

Выносіць на рэферэндум пытанні пра дзяржаўную мову і сімвалы забараняе шэраг дакументаў – як Канстытуцыя і Дэкларацыя аб суверэнітэце. Тым не менш Лукашэнка гэта зрабіў.

«Фармулёўка была такая: расейскай мове надаць статус роўнай з беларускай. Але на практыцы гэта абсалютна не вырашальна стала. Расейская мова пачала дамінаваць, бо не быў прапісаны механізм рэгулявання, як гэтыя дзве мовы могуць жыць паміж сабой», – зазначае юрыст і праваабаронца Ігар Случак.

Фактычна пасля рэферэндуму пачалася татальная русіфікацыя. Лукашэнка нават не хаваў грэблівага стаўлення да мовы тытульнай нацыі.

Але падтрымліваюць родную мову шмат якія беларусы дзякуючы шэрагу ініцыятываў. Яскравы прыклад – бясплатныя курсы «Мова нанова». Раней іх праводзілі ў розных гарадах па ўсёй Беларусі, цяпер сустрэчы ладзяцца за мяжою.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочны канцэрт да 105 гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Мы адкрылі сучасную беларускую культуру, мастацтва і проста людзей, якія на побытавым узроўні размаўляюць па-беларуску, і такім чынам паказвалі гэты прыклад для іншых слухачоў і слухачак, што “Мова нанова” – гэта не сцэнічная мова, а гэта мова побыту, на якой варта размаўляць удома», – распавядае суарганізатарка курсаў «Мова нанова» ў Варшаве Алеся Каролік.

Дапамагаюць у папулярызацыі беларускай мовы сацыяльныя сеткі, якія асабліва карыстаюцца попытам сярод моладзі. Беларускамоўныя блогеры збіраюць дзясяткі мільёнаў праглядаў.

«Большасць маладых беларусаў станоўча ставіцца, пішуць прыемныя каментары. І ў прынцыпе, мне здаецца, у моладзі найбольшая цяпер ёсць цікаўнасць да беларускай культуры, да беларускай мовы», – кажа блогер і музыка Ілля Сіўцоў.

Спрыялі прасоўванню і абароне мовы недзяржаўныя арганізацыі. Напрыклад, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Шмат гадоў арганізацыя ў Дзень роднай мовы ладзіла агульнанацыянальныя дыктоўкі. Пасля ж ліквідацыі ТБМ традыцыю дыктовак працягваюць беларусы за мяжою.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»