У Беларусі знайшлі адзёр


Адзёр ізноў трапіў у Беларусь. Выпадкі заражэння гэтаю інфекцыйнаю хваробаю зафіксавалі на Віцебшчыне. Дакладнай колькасці не паведамляюць. У аддзеле гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя супакоілі, што распаўсюду ў іншыя рэгіёны чакаць не варта.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У асноўным, каб вы разумелі, гэта завозныя выпадкі да нас ідуць. Распаўсюджваецца – так, адзёр вельмі хутка, але гэта, як правіла, лакальныя ўспышкі. Гэта значыць, адзін чалавек захварэў, як у Віцебску цяпер гэта было, – і потым ідзе сям’я, хтосьці са знаёмых».

Адзёр вельмі хутка распаўсюджваецца – хутчэй за грып ці ахват.

Каб не дапусціць масавага заражэння людзей, запэўнілі ў Мінздароўя, адмыслоўцы праводзяць эпідэмічнае расследаванне:

«Хворы шпіталізуецца. Ва ўсіх кантактуючых правяраецца інфармацыя, былі яны прышчэпленыя ў дзяцінстве ці не. Калі не, то яны таксама прышчапляюцца. Таму, натуральна, яны не разносяць нічога. І за імі ўсталёўваецца назіранне на 21 дзень».

Першымі сімптомамі адзёр нагадвае звычайную прастуду: павышаецца тэмпература, зʼяўляюцца насмарк і кашаль, вочы запаляюцца і чырванеюць, цякуць слёзы. Галоўная ж прыкмета адру – сып. У першы дзень чырвоныя плямкі зʼяўляюцца на твары і шыі, на другі – распаўсюджваюцца на тулаве, руках і сцёгнах. На трэці дзень сып ахоплівае галёнкі і ступакі, а на твары, наадварот, пачынае слабець.

«Адзёр вельмі часта ўскладняецца. Выклікае інвалідызуючыя і смяротныя захворванні. Асноўная прычына смяротнасці – пнеўманія. І на другім месцы – вельмі цяжкія энцэфаліты пры адру», – адзначыла педыятарка Мая Церакулава.

Часцей за ўсё ўскладненні сустракаюцца ў дзяцей да пяці гадоў. Але і сярод дарослых ёсць група рызыкі. Кіраўнік Нацыянальнай тэхнічнай групы экспертаў у пытаннях імунапрафілактыкі ва Украіне Фёдар Лапій адзначыў, што адзёр асабліва небяспечны для людзей са зніжаным імунітэтам:

«Напрыклад, пасля трансплантацыі касцявога мозгу або пасля трансплантацыі ныркі ці іншага органа. Або ў працэсе тэрапіі. І тут адзёр можа забраць жыццё. Калі казаць пра сярэднееўрапейскія дадзеныя, то ад адру памірае адзін з тысячы хворых».

Менавіта вакцынацыя – адзіны варыянт абараніць сябе ад заражэння, бо адмысловага лячэння ад адру не існуе. У Беларусі вакцынацыя ад адру праводзіцца ў два этапы. Першы – у год дзіцяці. Другі – у шэсць гадоў. Аднак што рабіць тым, хто з пэўных прычынаў не мае інфармацыі, ці быў ён прышчэплены ў дзяцінстве?

«Калі вы штосьці памятаеце са свайго дзяцінства, што бацькі вашыя не былі антывакцынатарамі, або, можа, вы нават перахварэлі на адзёр, то можаце праверыць у сябе наяўнасць антыцелаў G да віруса адру. Калі яны ў вас ёсць, вы ўжо абаронены ад адру», – патлумачыў Фёдар Лапій.

Калі вы не маеце магчымасці зрабіць такі аналіз, або адпаведных антыцелаў у вас няма, то эксперты раяць прайсці вакцынацыю супраць адру. Дзеля гэтага трэба звярнуцца ў сваю паліклініку.

Ірына Юрʼева, «Белсат»