Падтапленні пад Гомлем з'яўляюцца вынікам паводкі ці безгаспадарлівасці?


Ад высокай вады сёлета цярпяць шмат якія паселішчы ў Беларусі, але ў Чонках, Сеўруках і Паляне пад Гомлем паводка мае не толькі прыродныя прычыны. Вадалазы выявілі, што шлюз у меліярацыйнай сістэме не быў шчыльна закрыты, таму вада паднялася так моцна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вадалаз пагрузіўся, абследаваў і з дапамогаю ключа закрыў цалкам шлюз. Спадзяемся, што падача вады на жылыя дамы спыніцца», – патлумачыў для гомельскага тэлебачання прадстаўнік гомельскай абласной арганізацыі ТРВОД Павел Новік.

Новы шматпавярховы мікрараён у Чонках з’явіўся некалькі гадоў таму. Мясцовасць побач была балоцістаю, таму збудавалі меліярацыйную сістэму, якая стаіць на балансе раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Незакрыты шлюз выявіўся не адзінаю рукатворнаю прычынаю моцнага падтаплення. Дзве з трох помпаў, якія мелі адпампоўваць ваду, паламаліся. Хоць, паводле мясцовых медыяў, кіраўніцтва Гомельскага райжылкамгасу заяўляла, што на пачатку вясны правяло тэхнічнае абслугоўванне помпаў.

«У СМІ прычыны ўказваюць мякка. Замест “адкрыты шлюз” пішуць “не да канца закрыты”. Замест “насосы не працуюць з мінулага года” пішуць “насосы сапсаваліся ад падвышанай нагрузкі”. Такім чынам забалбатваецца бяздзеянне вінаватых чыноўнікаў і спецыялістаў, каб яны змаглі пазбегнуць адказнасці», – распавёў жыхар Сеўрукоў выданню «Флагшток».

Блогер Аляксандр Кабанаў знаёмы з праблемамі мясцовага самакіравання, бо з камандаю Сяргея Ціханоўскага наведваў рэгіёны Беларусі. Адною з прычынаў падобных сітуацыяў ён лічыць адсутнасць сродкаў у мясцовых бюджэтах. Апроч таго, кожная ініцыятыва патрабуе шматлікіх узгадненняў і подпісаў.

«Чыноўнікі баяцца браць гэтую адказнасць. Не дай божа мы штосьці зробім, а раптам не затопіць, а мы зараз патрацім сродкі, я там паставіў свой подпіс. А потым да мяне прыйдуць з КДБ і скажуць: паехалі ў СІЗА і распавядзі, якія ты там карупцыйныя схемы арганізаваў. У нас гэта працуе менавіта так», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Стан меліярацыйнай сістэмы – адказнасць найперш уласніка. У выпадку Гомельшчыны – дзяржавы, падкрэслівае грамадскі актывіст Валер Сляпухін. Але частка віны кладзецца і на Міністэрства надзвычайных сітуацыяў:

«Калі разумець, што ў нас з тэхнагенных праблемаў на Гомельшчыне і ў Беларусі ў цэлым гэта, фактычна, толькі навадненні і паводкі, яны не пракантралявалі гэтых уласнікаў і стан водных сістэмаў».

Мясцовыя ўлады заявілі, што плануюць перадаць меліярацыйную сістэму на баланс спецыялізаванай арганізацыі. Але вінаватыя ў сёлетнім падтапленні, хутчэй за ўсё, абыдуцца вымовамі, кажа Валер Сляпухін. І раіць пацярпелым жыхарам звяртацца ў суд.

«Ніхто не кампенсуе, на жаль, калі яны не звернуцца ў суд з патрабаваннем кампенсаваць страты, што панеслі. Але мае быць ацэнка і прызнанне вінаватай асобы. Гэта складаны працэс, але тэарэтычна гэта магчыма», – кажа актывіст.

Прыродныя складнікі паводкі ўжо адступаюць, паведамляюць метэаролагі. Узровень вады ў Сажы каля Гомля ўжо на 7 сантыметраў ніжэйшы за максімальны паказнік. Пачынае спадаць вада і ў іншых беларускіх рэках. Сёння ўзровень падвышаецца толькі ў Прыпяці, ніжнім цячэнні Дняпра і Бярэзіны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»