Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі: экспарт калію вырас удвая


Экспарт беларускага калію вырас летась удвая ў параўнанні з папярэднім годам. Да такой высновы прыйшла Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, прааналізаваўшы непублічныя справаздачы Беларускай чыгункі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Аднаўленне лагістыкі – цалкам натуральная справа. З пачатку вайны прайшло больш за два гады, і тое, што Расея дапамагае Беларусі вырашыць гэтыя праблемы, і адлюстроўваецца ў тым, што экспарт калійных угнаенняў амаль аднавіўся», – кажа прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Санкцыі, што закранулі калійную галіну, Еўразвяз наклаў на Беларусь у 2021 годзе, пасля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair. Пазней да абмежаванняў далучыліся Вялікая Брытанія, Канада і Злучаныя Штаты. У лютым 2022-га Літва ўвяла забарону на перавалку беларускага калію праз свае парты. Цяпер экспарт абсалютна залежыць ад Расеі. Так, летась большая частка ўгнаенняў вывозілася праз паўночныя расейскія парты. Каля шостай часткі экспарту чыгункай трапіла ў Кітай.

«Другасныя санкцыі краіне пагражаюць тады… Напрыклад, пагражалі б Індыі і Кітаю тады, калі б яны спрычыняліся да таго, каб рээкспартаваць гэтую прадукцыю ў Еўразвяз або ў Злучаныя Штаты. Калі ж яны проста купляюць гэта сабе, не выкарыстоўваючы доларавыя, еўравыя заходнія банкаўскія механізмы, то фармальна тут парушэння санкцыяў няма», – тлумачыць кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагоны «Беларуськалій».
Крыніца: delfi.lt

З 2021-га года беларускія чыноўнікі закрылі звесткі аб экспарце калійных угнаенняў. Паводле дасяжнай інфармацыі, да 2020 года іх продаж за мяжу паступова павялічваўся. Летась улады заяўлялі, што экспарту засталося каля чатырох з паловай мільёнаў тонаў на рынках дружалюбных краінаў. Але, паводле вынікаў мінулага года, кажа Супольнасць чыгуначнікаў, экспарт амаль дасягнуў дасанкцыйнага ўзроўню.

«Гэта здарылася, па-першае, дзякуючы таму, што дамовіліся з расейскай чыгункай аб каналах транспартавання. А па-другое, знайшлі спосаб, як атрымоўваць аплату не ў доларах і еўрах, а непасрэдна ў юанях кітайскіх прынамсі і, магчыма, у рупіях», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Але нягледзячы на нарошчванне аб’ёмаў экспарту, зарабіць на ім удаецца менш. Летась даходы ад продажу калійных угнаенняў былі на тры адсоткі ніжэйшыя, чым у 2022-м, і ажно на траціну меншыя, чым у давыбарчым 2019-м.

«Калійная галіна вельмі важная для РБ, але яе ўплыў паступова зніжаецца. Напрыклад, у мінулым годзе экспарт калійных угнаенняў займаў менш за пяць адсоткаў усяго беларускага экспарту, ён параўнальны з экспартам ІТ-паслугаў. І таксама ўклад у ВУП гэтай калійнай галіны цяпер меншы за тры адсоткі», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Змяншаецца і рынак. Паводле звестак індыйскай статыстыкі аб замежным гандлі за мінулы год, краіна, якую Менск лічыць дружалюбнай, і якая была трэцім паводле абʼёмаў пакупніком пасля Кітаю і Бразіліі, адмовілася ад беларускіх калійных угнаенняў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»