Лукашэнка прыпомніў БПЦ 2020 год


Царква задае маральныя хрысціянскія арыенціры, а палітыцы ў ёй няма месца. Гэткую ўстаноўку Лукашэнка даў кіраўніцтву БПЦ: «Мы памятаем, як у 2020 годзе некаторыя святары (на жаль, і некаторыя праваслаўныя) заняліся, мякка кажучы, палітыкай. Скажу, што для гэтага ў дзяржаве ёсць спецыяльныя інстытуты і падрыхтаваныя людзі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч адзначыла:

«Палітыка – такая сфера, якая не вольная ад маральнасці, маралі. Таксама адна са сфераў, у якой царква павінна выказвацца – і можа выказвацца. І ў 2020 годзе царква сапраўды выказалася з нагоды фальсіфікацыі, гвалту, беззаконня, пераследу людзей».

Пра царкву па-за палітыкаю гаварыў і мітрапаліт Веньямін. У 2021 годзе, калі пратэставыя настроі ў грамадстве яшчэ захоўваліся, ён заклікаў святароў выказвацца наконт падзеяў у краіне найперш кіруючыся Евангеллем, а не чалавечым розумам. Пры гэтым сваю пазіцыю кіраўнік БПЦ паказвае праз актыўны ўдзел у афіцыйных імпрэзах і ўзнагароджванне сілавікоў.

«На вялікі жаль, БПЦ, якая прыналежыць Маскоўскаму патрыярхату, фактычна стала інстытуцыяй ці чымсьці падобным да міністэрства рэлігіяў, ці таго, што ў Расейскай імперыі называлася свяшчэнны сінод, які быў прызначаны імператарам, каб кантраляваць функцыянаванне праваслаўнай царквы. Каб яна служыла інтарэсам дзяржавы», – пастар царквы Святой Тройцы ў Варшаве Зміцер Хведарук.

Чарговы раз Лукашэнка ўзгадаў, што Беларусь – шматканфесійная дзяржава, у якой Праваслаўная царква займае асаблівую, але не галоўную ролю. Падобная рыторыка выгадная Лукашэнку, мяркуе Зміцер Хведарук. Прынамсі, каб паказаць сябе на міжнароднай арэне кіраўніком, які не парушае свабоды веравызнання:

«Рэлігійная карта для яго таксама, безумоўна, вельмі важная, бо цяпер ён хоча выглядаць такім артадаксальным усходнееўрапейскім палітыкам, якія выступае супраць разбэшчаных ідэяў Захаду і хоча быць абаронцам артадаксальных каштоўнасцяў, хаця сам іх, на жаль, не прытрымліваецца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лукашэнка ў царкве, 2017 год.
Крыніца: president.gov.by

Пра стан канфесіяў, не звязаных з праваслаўем, у Беларусі сведчаць факты. Летась рэжым зліквідаваў царкву «Новае жыццё» і знёс будынак, які больш за трыццаць гадоў таму вернікі на свае грошы ператварылі ў царкву з былога кароўніка. Дагэтуль не вядомы далейшы лёс Чырвонага касцёлу ў Менску, куды больш за год не пускаюць парафіянаў. Напярэдадні ў Баранавічах чыноўнікі адмовілі каталікам у традыцыйным Крыжовым шляху – прычынаў не патлумачылі.

«Пасля 2020-га гэтыя абмежаванні, гэтыя рамкі сталі толькі больш жорсткімі, вузкімі, заціснутымі, але фактычна шкілет гэтага абмежавання (я магу сказаць пра Касцёл) быў закладзены даўным-даўно і не змяняўся», – адзначыў каталіцкі вернік Арцём Ткачук.

Трывае ў Беларусі і пераслед рэлігійных дзеячаў. Сёння стаў вядомы вырак працаўніку кафедральнага касцёлу Уладзіславу Беладзеду – 3 гады калоніі. Мужчыну абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў, у тым ліку за распальванне варожасці і знявагу Лукашэнкі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»