Як пазбегнуць ДТЗ з ласём?


Ласі і алені найчасцей трапляюць пад колы аўтамабіляў, праз вялікія габарыты менавіта яны ствараюць найбольшую небяспеку для кіроўцаў. У цэлым колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзікіх жывёлінаў працягвае расці: за мінулы год яна павялічылася нязначна, але за апошнія пяць гадоў вырасла больш чым удвая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Таму што вырасла хуткасць дазволеная на шмат якіх рэспубліканскіх дарогах да 120 км/г. І гэта вынік», – кажа кіраўнік аўташколы, інструктар Дзяніс Герасімчык.

Праблема дзікіх жывёлінаў на дарогах – інтэрнацыянальная. Беларускі актывіст Ілля Дабратвор падпрацоўвае кіроўцам таксі ў Варшаве і літаральна днямі дарогу яму перабег статак дзікоў:

«У першую чаргу трэба ехаць заўсёды з дзвюма рукамі на стырне, бо ў любы момант можа нават не жывёліна, а стрэльнуць кола ці нешта іншае здарыцца. А па-другое, проста не ездзіць хутка. І тады ты паспееш зрэагаваць».

Найчасцей ДТЗ з удзелам дзікіх жывёлінаў здараюцца на захадзе сонца і на світанні, калі бачнасць на дарозе кепская.

Пра магчымае з’яўленне жывёліны на дарозе папярэджваюць наступныя знакі: «дзікія жывёліны», «перагон скаціны» і «сезонная міграцыя земнаводных». На ўчастках з такімі знакамі кіроўца абавязаны быць максімальна асцярожным, нялішнім будзе і знізіць хуткасць. Найбольш небяспечныя ў плане ДТЗ з удзелам дзікіх жывёлінаў – рэспубліканскія дарогі: трасы з Менску да абласных гарадоў, а таксама трасы Е-95 і Е-30. Каб затрымаць дзікіх жывёлінаў, уздоўж дарог будуюцца платы.

«Гэта цалкам парушае міграцыю жывёлінаў. А па-другое, усё роўна знаходзяцца месцы, дзе жывёла выбіраецца праз плот або мясцовыя жыхары яго ломяць і яна выбягае, гэтая жывёліна. І яшчэ больш напалоханая, дакладна робіць ДТЗ», – мяркуе блогер-урбаніст Данііл Аленіюс.

Платы ўздоўж дарог эфектыўныя толькі разам з так званымі экадукамі – надземнымі пераходамі. Экадук мусіць цалкам супадаць з міграцыйным шляхам жывёлы.

«Як гэты экадук яшчэ пабудаваны? Яны таму і вельмі дарагія, калі зроблены з розумам, то жывёліна са свайго пункту гледжання не ўспрымае гэты экадук як нейкую непрыродную канструкцыю. То бок яна пераходзіць яго нават не заўважыць», – кажа Данііл Аленіюс.

У Беларусі на сённяшні дзень ёсць толькі падземныя пераходы для жывёлінаў. Адзін з іх – на трасе Менск – Горадня.

«Надземных пераходаў у Беларусі няма – яны дарагія, 1–2 мільёны долараў. Жыццё звяроў таго не вартае, дый чалавека не настолькі шкада людзям, якія прымаюць рашэнні. А падземных пераходаў капытныя самі не любяць», – распавёў зоаактывіст на ўмовах ананімнасці.

Калі вы бачыце жывёліну на ўзбочыне, знізьце хуткасць аж да поўнага спынення, папярэдзьце іншых кіроўцаў. Калі затрымацца немагчыма, аб’язджайце жывёліну ззаду.

«Калі адбылося такое здарэнне, вызваць ДАІ – гэта абавязковае дзеянне, бо жывёліна заўсёды ёсць уласнасцю кагосьці», – нагадвае кіраўнік аўташколы, інструктар Дзяніс Герасімчык.

У выпадку ДТЗ нельга перамяшчаць аўтамабіль і жывёліну, трэба дачакацца ДАІ. За збітую жывёліну кіроўцу давядзецца заплаціць грашовую кампенсацыю, а ў выпадку парушэння правілаў дарожнага руху – яшчэ і штраф. Сам кіроўца атрымае кампенсацыю толькі пры наяўнасці «каско».

Аліна Скрабунова, «Белсат»