Апублікаваны закон, які ўводзіць смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве


Апублікаваны закон «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які ўводзіць смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве. Такая захада можа цяпер выкарыстоўвацца ў дачыненні службовых асобаў, якія займаюць дзяржаўную пасаду, або вайскоўцаў. Дакумент набывае сілу праз дзесяць дзён.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Галоўная мэта – стрымліванне памкненняў чыноўнікаў. Лукашэнка пабойваецца, што яго апарат і вайскоўцы кансалідаваныя не настолькі, як бы яму хацелася. А яму б хацелася абсалютнай кансалідацыі. Таму ён спрабуе павышаць стаўкі», – паведаміла дырэктарка даследчага інстытуту «Globsec» Алена Кудзько.

У Крымінальным кодэксе з’явіцца новы артыкул – «Прапаганда тэрарызму», якая прадугледжвае пазбаўленне волі да 3 гадоў. Паводле нашага эксперта, рэжым можа масава выкарыстоўваць гэты артыкул для барацьбы з іншадумцамі.

«Так, як шырока яны трактуюць акты тэрарызму, то нейкія заклікі ці размовы ў сацсетках будуць кваліфікавацца як прапаганда тэрарызму. Я бачу такі трэнд, што гэта будзе масавы артыкул», – сказаў юрыст і праваабаронца Раман Кісляк.

Яшчэ адзін новы артыкул – «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў». Калі такое злачынства выклікала цяжкія наступствы, пакаранне прадугледжвае да пяці гадоў абмежавання або пазбаўлення волі. Уводзіцца адказнасць і за дыскрэдытацыю Узброеных сілаў. Артыкул прадугледжвае пакаранне да чатырох гадоў калоніі.

«Беларусь прымае гібрыдны ўдзел у вайне. Каб супрацьдзейнічаць тым, хто гэтаму замінае ўлады ўзмацняюць жорсткасць крымінальнага заканадаўства, запалохваючы чыноўнікаў і грамадзян усімі спосабамі, каб ім ніхто не перашкаджаў дапамагаць Расеі ваяваць ва Украіне», – дадаў Раман Кісляк.

Да чатырох гадоў будзе павялічаны тэрмін пазбаўлення волі за наўмыснае раскрыццё дзяржаўнай і службовай таямніцы, а калі гэта прывяло да цяжкіх наступстваў – да шасці.

У Крымінальным кодэксе зʼявяцца штрафы да пяцідзесяці тысяч базавых велічыняў на падставе цэлага шэрагу артыкулаў. Сярод якіх той самы, што прадугледжвае расстрэл за здраду дзяржаве.

«Гэта значнае павелічэнне кошту ўдзелу ў любой актыўнасці, якая можа не падабацца дзяржаве. Разлік на тое, што такое павышэнне кошту павінна прапарцыйна паменшыць жаданне грамадзянаў удзельнічаць у нейкіх актыўнасцяў. Але з іншага боку – дзяржаве патрэбныя грошы», – дадала Алена Кудзько.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дасюль выкарыстоўваецца смяротная кара. Гэтая практыка рэгулярна крытыкуецца Еўрапейскім Звязам, АБСЕ ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

Андрэй Сульжыц «Белсат»