Каханне дапамагала і дапамагае перажыць рэпрэсіі


Дзень закаханых – гэта не толькі сэрцайкі ў «Тэлеграме» і крамах. А таксама напамін пра тое, якую моц мае каханне. Асабліва ў цяжкі час. Гісторыя паказвае, што падчас рэпрэсіяў са смутку і горычы беларусаў не раз выцягвала каханне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Дзень святога Валянціна былы палітвязень Валянцін Лабачоў дарыў кветкі незнаёмым жанчынам на вуліцах Варшавы. Гэтак ён дзеліцца святочным настроем, а таксама шукае другую палову.

«Канечне, самы эфектыўны спосаб – гэта знаёміцца асабіста, не праз сацсеткі, бо так ты чалавека бачыш і можаш крыху ягоны партрэт скласці», – распавядае вольны палітзняволены Валянцін Лабачоў.

Паводле Валянціна, пазнаёміцца ён бы хацеў з беларускаю дзяўчынай ці ўкраінкаю:

«Сваёй патэнцыйнай партнёрцы я б прапанаваў амаль што ўсё, што яна захацела, канечне, па меры магчымасцяў, аддаў бы душу. Каб яна былы шчырай, ніколі не падманвала, была добрай, каб у цяжкі нейкі момант падтрымлівала».

У польскую сталіцу маладзён пераехаў па адбыцці пакарання на радзіме – паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі. На чужыне Валянцін сутыкнуўся з вялікаю колькасцю праблемаў: пошукі працы і кватэры, складанасці з легалізацыяй. Безумоўна, без падтрымання вытрымліваць увесь гэты стрэс самому цяжка.

«Калі ў нас ёсць сапраўды каханне – з вялікім даверам, з пашанай адно да аднаго, – гэта дае ўпэўненасць, пачуццё бяспекі, гавані, хаты, дзе мы можам схавацца, той люлькі, дзе мы можам перажыць нейкія складаныя хвіліны, можа, гадзіны, можа, нават дні», – тлумачыць псіхолаг Наталля Скібская.

Пра вялікую моц падтрымання сведчаць і гісторыі кахання знаных беларусаў. Літаратуразнаўца і рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк прыводзіць прыклад саюзу паэта Янкі Купалы і літаратуразнаўцы Уладзіславы Луцэвіч:

«Яна была яму праўдзіваю падтрымкай, яна яго ратавала. Яна ратавала Купалу ад самога сябе, калі яму хацелася ісці ў абдымкі Бахуса, яна ратавала яго ад розных слізкіх палітычных сітуацый, каб яго не схапілі, не арыштавалі, яна ўсюды была для яго анёлам-ахоўнікам».

Янка Купала (І.Луцэвіч) са сваёй жонкай.
Фота: archives.gov.by

Калі б не ейныя намаганні, то і мы б ведалі паэта значна меней, мяркуе Васіль Дранько-Майсюк. Менавіта спадарыня Луцэвіч зрабіла ўсё магчымае, каб у Менску паўстаў музей імя Янкі Купалы.

«Каханне дае нам сэнсы, нам увогуле вельмі важна, каб у нас быў нейкі сэнс у тым, што мы робім, дзеля чаго мы жывём. Насамрэч не цікава проста жыць толькі дзеля таго, каб жыць, ці толькі аб сабе дбаць. Нам вельмі важныя стасункі, нам вельмі важныя сацыяльныя сувязі. Нам вельмі важна, каб у нас у жыцці былі любоў і каханне», – адзначае псіхолаг Наталля Скібская.

Другі захапляльны прыклад моцнага кахання – саюз беларускага пісьменніка Алеся Пальчэўскага і грузінскай артысткі Тамары Цулукідзэ. Яны пазнаёміліся ў сталінскай ссылцы. Пра іх Васіль Дранько-Майсюк распавядае наступнае:

«Яна паехала да Алеся Пальчэўскага ў Беларусь, стала беларускай пісьменніцай, стала пісаць для дзяцей, стала тварыць казкі, рабіць дзівосныя лялечныя спектаклі і ўся была ў сваім мужы: натхняла, акрыляла – і ён стаў адным з самых лепшых беларускіх дзіцячых пісьменнікаў».

Дзякуючы каханню, няхай і не ўзаемнаму, Якуб Колас напісаў бадай найлепшыя вершы:

«…Дык не судзі ж мяне, як блазна.

Даруй мне ўсё, Вясна мая –

Ніхто не будзе так прыязны,

Як быў к табе прыязны Я».

Гэтыя радкі з твору, прысвечанага расейскай перакладчыцы і паэтцы Святлане Сомавай. Якуб Колас сустрэў яе ў Ташкенце. Праз сямейнае становішча і розніцу ў веку між імі было магчымае толькі сяброўства – шчырае, прасякнутае павагаю.

Аліна Скрабунова, «Белсат»