Прыгожын – пераемнік Пуціна?


Правагнэраўскія тэлеграм-каналы па-ранейшаму сцвярджаюць, што баевікі Прыгожына ўзялі ўкраінскі Салядар. І раскручваюць вобраз прыватнай вайсковай кампаніі як эфектыўнай баявой машыны… 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну яе чальцы паспелі засвяціцца ў канфліктах у Сірыі, Лівіі, Судане, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Мазамбіку, Малі, а таксама на Данбасе.

«ПВК «Вагнэра» была, можна сказаць, невялікай арганізацыяй адстаўных вайскоўцаў. Цяпер жа, туды набіраюць і добраахвотнікаў. А таксама зняволеных, якія складаюць большую частку кампаніі», – распавядае вайсковы аналітык Фонду барацьбы з карупцыяй Ян Мацвееў.

Медыі паведамляюць, што ў прыватнай вайсковай кампаніі ўжо вярбуюць і асуджаных жанчын. Сваіх баевікоў Яўген Прыгожын актыўна піярыць. Заяўляе, што Мінабароны Расеі замоўчвае іхныя заслугі ды спрабавала скрасці ў іх перамогу ў Салядары. У выніку, вайсковае ведамства Расеі афіцыйна згадала пра «вагнэраўцаў».

«Што датычыць беспасярэдняга штурму гарадскіх кварталаў Салядару, акупаваных ЗСУ, – гэтая баявая задача была паспяхова развязаная мужнымі і самаадданымі дзеяннямі добраахвотнікаў штурмавых атрадаў ПВК «Вагнэр», – напісала ведамства.

Падобна, што перамога «вагнэраўцаў» у Салядары – рэальная ці выдуманая – важная для Прыгожына, каб умацаваць сваё становішча.

«Прыгожын для Пуціна – гэта эфектыўны менеджар. Пуцін любіць такіх і перыядычна прызначае на высокія пасады. У гэтым сэнсе палітычны ўплыў Прыгожына на Пуціна расце», – мяркуе палітолаг Міхаіл Комін.

Карыстаючыся прыхільнасцю Пуціна, Прыгожын можа дамагацца трансфармацыі ПВК «Вагнэр» ў нейкую легальную структуру.

«…Каб ператварыцца на эфектыўнага чыноўніка, заняць пэўную палітычную пазіцыю. А з іншага боку – застацца адносна незалежным суб’ектам, які мае адну з найбольш баяздольных адзінак у Расеі», – кажа Міхаіл Комін.

Некаторыя аналітыкі – у тым ліку, заходнія – нават, бачаць у Прыгожыне імавернага пераемніка Пуціна. Міхаіл Комін, аднак, мяркуе, што правадыр «вагнэраўцаў» наўрад ці зможа сканцэнтраваць для гэтага досыць сілаў і ўплыву.

Валянцін Васіленка, «Белсат»