У Магілёве прайшла чароговая хваля ператрусаў


Сілавікі з баявой зброяй раніцай уварваліся ў кватэру да магілёўскага журналіста Алеся Сабалеўскага. Падобныя ператрусы адбыліся ў журналіста Барыса Вырвіча і фрылансера-відэаапэратара Яўгена Глушкова, у іх забралі ўсю тэхніку і дапыталі абодвух як сведкаў у крымінальных справах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цалкам разгромленым выглядае пасля чарговага ператрусу былы офіс магілёўскага парталу 6TV. Сілавікі ўварваліся ў памяшканне ў адсутнасць гаспадароў, бо рэдакцыя парталу ўжо выехала з Беларусі.

«Гэта ўжо трэці ператрус быў. Два ператрусы было ўлетку, і вядома, што там нічога не было, усё, што можна было ўзяць, ужо ўзялі ўлетку», – кажа галоўны рэдактар парталу 6TV Зміцер Салаўёў.

Зміцер Салаўёў лічыць дзеянні сілавікоў помстай за працу парталу. Сайт 6TV заблакавалі, а тэлеграм-канал прызналі экстрэмісцкім, але журналісты дзейнасці не спынілі.

«Так як мы, скажам так, эмігранты, больш часу вольнага, няма гаспадаркі, больш займаемся сваёй працай. Праца стала больш інтэнсіўная, што, напэўна, не падабаецца нашым уладам», – кажа Зміцер Салаўёў.

Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, які з 28-га снежня адбывае трохмесячны арышт, у баранавіцкім СІЗА № 6 прызналі схільным да экстрэмізму. Яго трымаюць аднаго ў камеры з кепскім асвятленнем і гучна ўлучаным радыё.

«У яго апёкі вачэй засталіся пасля перабывання на Акрэсціна, калі ім улівалі хлёрку ў камеру. І на фоне гэтага кепскага асвятлення ў яго пагоршыўся зрок і самаадчуванне. Але ў аглядзе яму адмовілі. Гэта азначае, што гэта катаванні, неаказанне медычнай дапамогі», кажа прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Не спыняюцца ў краіне і затрыманні. ГУБАЗіК затрымаў праграміста з Пухавіцкага раёну, які распрацаваў адмысловую мабільную аплікацыю, «каторая змяшчае інфармацыю пра тавары беларукіх вытворцаў якія не рэкамендавалася набываць», – сказаў мужчына на так званым пакаянным відэа. Ён прызнае, што быў гатовы дапамагаць грашыма плану «Перамога».

«Ведаеце, як я правёў навагоднія святы? Мяне абвесціла ў вышук беларускае КДБ» – так беларускі комік Слава Камісаранка пачаў адзін з апошніх стэндапаў у Кіеве.

«Вы думаеце, напэўна, за што? За жарты. У звычайных краінах спецслужбы ловяць тэрарыстаў, а ў Беларусі прыкалістаў. Бо ў Беларусі прыкаліст мае быць адзін», – працягвае жартаваць Слава Камісаранка.

Падчас выступу ён распавядае, як невядомы паведаміў яму, што сілавікі могуць вывезці коміка ў Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»