Дэмакратычная партыя ЗША святкуе


Прадстаўнік дэмакратаў Марк Келі абраны ў Сенат ад штату Арызона, дзе гістарычна моцныя пазіцыі рэспубліканцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пры гэтым Келі смела гуляе на полі сваіх палітычных апанентаў. У перадвыбарчым відэа, напрыклад, ён заклікае палепшыць абарону мяжы з Мексікаю ды запэўніць воднае забеспячэнне штату, які моцна пакутуе ад лясных пажараў і засухі.

«Гэта не дэмакратычныя або рэспубліканскія прыярытэты. Гэта прыярытэты Арызоны, – кажа Келі. – І мы іх вырашым!»

А яшчэ Келі крытыкуе ўласную партыю. Хаця былы астранаўт і робіць гэта асцярожна:

«Цяпер у нас больш працы. Сем’і змагаюцца і часта не могуць дазволіць сабе купіць паліва або рэцэптурныя лекі. Таму я працаваў з рэспубліканцамі, каб вярнуць вытворчасць у Амерыку, каб скараціць выдаткі. І калі дэмакраты памыляюцца, напрыклад, на мяжы, я звяртаю іхную ўвагу на гэта. Бо я заўсёды буду бараніць Арызону»

Нявызначанымі цяпер застаюцца толькі дзве пазіцыі сенатараў са ста – па адным месцы засталося для Нэвады і Джорджыі. Зрэшты, дэмакратам дастаткова перамагчы ў любым з гэтых штатаў, і Сенат застанецца пад іхным кантролем. Рэч у тым, што пры роўнай колькасці галасоў вызначальнае слова будзе належаць віцэ-прэзідэнту Камале Гэрыс. А значыць, рэспубліканцы не здабудуць права вета на заканадаўчы парадак для прэзідэнта Байдэна.

«Яны не будуць так моцна ўплываць на палітыку прэзідэнта Байдэна, – лічыць амерыканістка Аляксандра Філіпенка. – Яны не змогуць так лёгка заснаваць камітэты для расследавання выдаткаў на Украіну – тое, што яны абяцалі зрабіць перш за ўсё. І вядома, у іх не будзе такой магчымасці – агулам уплываць на амерыканскую палітыку».

Пакуль выглядае на тое, што ў Сенаце рэваншу ў рэспубліканцаў не атрымалася. Зрэшты, паралельна праходзяць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Падлік галасоў завершаны не ва ўсіх штатах, але большасць галасоў, хутчэй за ўсё, здабудуць усё ж рэспубліканцы. Ці можа гэта паўплываць на змену замежнай палітыкі, найперш датычна Украіны?

«Нейкіх кардынальных зменаў у замежнай палітыцы чакаць не варта, – упэўненая экспертка «Белсату». – Вызначальнай большасці ў іх няма, дзве траціны, напрыклад. Калі б у іх было дзве траціны, яны маглі б пераадолець прэзідэнцкае вета і прымаць любы закон».

Якім усё ж будзе Сенат? Вынікі выбараў у Нэвадзе абвесцяць найбліжэйшым часам. У Джорджыі ж другі тур галасавання адбудзецца толькі 6 снежня.

Ян Федаровіч, «Белсат»