Як выглядае адпачынак у беларускіх санаторыях


Адпачынак сярод прыроды, поўны камфорт і спакой. Ролікаў гэткага кшталту з рэкламаю беларускіх санаторыяў у інтэрнэце стае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На сённяшні момант санаторна-курортны комплекс краіны прадстаўлены 295 арганізацыямі на 61 000 месцаў. З іх 102 санаторыі на 28 000 месцаў. І 193 – аздараўленчыя арганізацыі на 33 000 месцаў», – заявіў дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

У савецкія часы пуцёўкі ў санаторыі для працаўнікоў размяркоўвалі адразу на прадпрыемствах, праз прафсаюзы. З таго часу ў Беларусі мала што змянілася.

«Ёсць квота пэўная. Вядома, што дзяржаўны сектар карыстаецца гэтымі квотамі амаль на кожным прадпрыемстве. Ну, і вядома, чым буйнейшае, чым сур‘ёзнейшае ў эканамічным сэнсе прадпрыемства, тым больш квотаў», – распавядае гід і гісторык Юрый Кушынаў.

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення, ужо на сярэдзіну траўня дзевяноста адсоткаў месцаў у беларускіх санаторыях былі зарэзерваваныя. Прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў кажа, што для працоўных ніякіх праблемаў з пуцёўкамі няма:

«Проста трэба, скажам так, загадзя аб гэтым дамаўляцца, паведамляць. У прынцыпе, ніякага ажыятажу з гэтымі пуцёўкамі няма».

Санаторый «Нарач».
Фота: commons.wikimedia.org

А як быць тым, хто не мае льготаў ад дзяржавы?

«Месца знайсці зараз вельмі праблематычна ў любы санаторый. Чаму? Таму што попыт сапраўды вялікі. З улікам таго, што для тых жа расейцаў магчымасцяў з’явілася менш недзе адпачыць, то, вядома, попыт у нас узрос каласальна», – сцвярджае кіраўнік Менскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння Валерый Нафрановіч.

Але ў інтэрнэце прапановаў адпачынку ў беларускіх санаторыях нямала. Санаторыі «Пралеска», «Пліса», «Ракета», «Рудня»… Аднамясцовыя, двухмясцовыя і трохмясцовыя нумары. Можна знайсці ўсю інфармацыю і зарэзерваваць месца. Але калі можна ўжо засяліцца ў свой пакой у санаторыі і што з коштамі? У санаторыі «Нарачанка» нам распавялі:

– Можна ў вас пуцёўку купіць і на які бліжэйшы час? На тыдзень, дапусцім, прыехаць адпачыць.

– З 26-га жніўня.

– Колькі гэта будзе каштаваць, калі проста вось купляць?

– Ільготы ў вас ёсць якія-небудзь? Сябра прафсаюза, можа быць?

– Не, не.

– 115 рублёў суткі.

Гэткая сітуацыя – практычна ў кожным беларускім санаторыі: найбліжэйшы час засялення – жнівень. І толькі ў «Альфа-Радоне» нам прапанавалі прыязджаць у зручны для нас час. Але за такую магчымасць і кошты на сямідзённы адпачынак адпаведныя.

«Без лячэння пуцёўка 2317 рублёў каштуе. А з лячэннем 2933 рублі», – кажуць у санаторыі «Альфа Радон».

Дзве тысячы трыста сямнаццаць рублёў за пуцёўку – гэта 331 рубель за содні. Для параўнання, за 1256 рублёў можна было б паехаць у Італію і Грэцыю на чатырнаццаць дзён. Такое падарожжа прапануе адна са сталічных турфірмаў.

«У кошт уваходзіць праезд, пражыванне ў гатэлях транзітных са сняданкамі, пражыванне ў гатэлі 3 зоркі са сняданкамі, размяшчэнне на круізным лайнеры, начны пераезд будзе, а таксама сняданкі ў гатэлях пражывання», – распавялі ў турфірме «7 горящих туров».

А што ж беларускія санаторыі? Нягледзячы на кошты, яны застаюцца папулярнымі. Паводле намесніка міністра спорту і турызму Алега Андрэйчыка, летась беларускія санаторыі прынялі амаль мільён адпачыннікаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»