Ці можна лічыць дзейснаю метадычку прапаганды?


«Крызісныя сітуацыі ў інфармацыйнай прасторы Менскай вобласці» – так называецца дакумент, які апублікавала ініцыятыва «BELPOL». Падрыхтаваў метадычку Менскі аблвыканкам разам з выданнем «Мінская праўда».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта не журналістыка зусім, а сапраўдная інфармацыйная вайна», – сцвярджае прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Мацвей Купрэйчык, аналізуючы дакумент.

«У самой метадычцы распісаныя алгарытмы, дзеянні па рэагаванню на нязручную для лукашыстаў інфармацыю. Прычым тэрміны сведчаць, што такая дзейнасць успрымаецца прыхільнікамі рэжыму не як журналістыка, а як інфармацыйная аперацыя».

У крызісных сітуацыях метадычка прапаноўвае перахапіць ініцыятыву і выдаваць сваю версію нязручных для ўладаў падзеяў. Сярод разабраных прыкладаў – гук выбуху ў Калодзішчах. Прапагандысты палічылі інфармацыю небяспечнаю, бо незадоўга да таго сапраўды было пашкоджанне чыгункі. Таму адразу апублікавалі заспакаяльны афіцыйны каментар, наладзілі супрацу з мясцовым тэлеграм-каналам.

«Далей прапагандысты спрабуюць давесці, што ніякіх выбухаў няма. Бяруць інтэрв’ю ў мясцовага жыхара, які нічога не чуў», – тлумачыць Мацвей Купрэйчык.

Але выбух усё ж быў, і пра гэта пазней паведамілі.

«Гэта лукашэнкаўскія вайскоўцы праводзілі заняткі па падрыўной справе. То бок інфармацыя пра выбухі была праўдзівай, але ўсё адно кажуць пра выкрыванне фэйка», – кажа Мацвей Купрэйчык.

Іншы варыянт дзеяння – перабіць фокус увагі на іншую інфармацыйную нагоду.

«Рэжым працуе па алгарытму, які шматузроўневы але па вялікім рахунку прымітыўны ў канчатковым выкананні. Усё зводзіцца да таго, што галоўнае – абалваніць людзей дастаткова няхітрым спосабам, каб паказаць няпраўду, зарэтушаваўшы пры гэтым праўду», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Алгарытмы, апісаныя ў дакуменце, сапраўды дзейсныя ў крызісных сітуацыях, заўважае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Але для ўладаў фэйкам робіцца не няпраўда, а тое, пра што яны не хочуць чуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shutterstock

«Ёсць прыкмета таго, што гэта метадычка для прапагандысцкай машыны, бо гаворка ідзе пра маніпуляцыю, пераключэнне ўвагі з непажаданай інфармацыі на нейкую іншую. Ёсць падыходы, дзе тлумачыцца, як ствараць тое, што мы называем белым шумам», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

То бок адцягваць увагу аўдыторыі рознымі версіямі, каб складана было разабрацца, што ж адбылося насамрэч.

Працуюць на адцягванне ўвагі ад праблемы не толькі ўласна афіцыйныя медыі, але і нібыта незалежныя рэгіянальныя чаты, каналы і блогі. У дакуменце паведамляецца, што мноства з іх належыць рэдакцыі «Мінскай праўды» і «выкарыстоўваецца з ідэалагічнай мэтай».

«Пры неабходнасці стварэння нібыта масавых каментароў выкарыстоўваюцца ўласныя ботафермы, зашыфраваныя пад тэхнічны аддзел. Уявіце, у Менскай вобласці ёсць уласная ботаферма. У абласным упраўленні, якое мае займацца праблемамі і людзьмі, ёсць цэлы аддзел, які займаецца накруткай негатыўных каментароў у дачыненні прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства», – кажа Мацвей Купрэйчык.

Але самі прапагандысты не выконваюць таго, што рэкамендуецца ў іхнай метадычцы, падкрэслівае Паўлюк Быкоўскі:

«Пра пэўныя падзеі яны не пішуць, хаця яны хвалююць людзей. А ў метадычцы сказана, што пра іх пісаць трэба, проста трэба даваць сваю рамачку, сваё тлумачэнне, што адбылося. А пра пэўныя падзеі проста хлусяць, а метадычка не заклікае хлусіць, яна заклікае пераключаць увагу і гэтак далей. То бок метадычка зроблена больш разумна, чым тое што мы назіраем на практыцы».

Каб распазнаць лепш ці горш створаную прапаганду, трэба развіваць крытычнае мысленне, раіць эксперт. Але падкрэслівае, што калі ўвесь час глядзець дзяржаўнае тэлебачанне, то цалкам пазбавіцца ад уплыву прапаганды складана.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»