66 суботнікаў: колькасць народных прыбіранняў у Беларусі б'е рэкорды


У Беларусі трывае марафон чысціні, што стартаваў у краіне 11-га сакавіка. Чарговы этап акцыі – раённыя суботнікі – прайшоў па ўсёй Менскай вобласці і ў самой сталіцы. Тэму працягне Наста Печанькова.

Што мне снег, што мне дождж, калі абʼяўлены раённы суботнік. Камунальныя службы Лагойску, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надворʼя, выйшлі фарбаваць бардзюры. Падаюць прыклад адданай працы і мясцовыя чыноўнікі, якія разам з «простым народам» саджаюць дрэвы і кусты.

«Як чалавек, які неаднаразова браў удзел у суботніках у рознай якасці, мне ёсць чым падзяліцца… Людзі не ідуць туды добраахвотна: мы закрываем дзіркі ў бюджэце, скарачэнне выдаткаў на сферу ЖКГ не праходзіць бясследна, працоўных рук не стае, вясна – як заўсёды – наступіла рэзка і нечакана», – кажа экс-дэпутатка Менскага гарсавету Вольга Цесакова.

Больш масава суботнік прайшоў у Менску і ваколіцах. Работнікі БРСМ і піянерскай арганізацыі ў кампаніі з медыкамі ды сілавікамі высадзілі амаль гектар новага лесу.

Абраць «працоўны фронт» сёлета лягчэй: чыноўнікі нанеслі ўсе месцы генеральнай прыборкі на адмысловую інтэрактыўную мапу. Акрамя традыцыйнага навядзення парадку, менчукам таксама прапаноўвалі ўзяць удзел у дабрачынных ці патрыятычных акцыях.

«Людзі б добраахвотна бралі ўдзел у мерапрыемствах, збіраліся б на суботніках, калі не ціснулі б ініцыятывы, не ціснулі б НДА… Сацыяльная самаарганізацыя ў беларусаў дастаткова на высокім узроўні. Толькі чыноўнікі зрабілі ўсё, каб яна не працавала. А зверху гэта навязаць палкамі: ну, весялей будзе фарбаваць бардзюры пад дажджом, калі хтосьці спявае», – мяркуе Вольга.

Раённыя суботнікі праходзяць у межах гэтак званага марафону чысціні, што стартаваў у краіне ў сярэдзіне сакавіка. За гэты час, паводле чыноўнікаў, у Менску прыбралі больш за 80 тэрыторыяў каля дамоў. Агулам жа падчас марафону, апошні дзень якога прыпадае на 20-га красавіка, запланаваныя 66 суботнікаў і 15 тэматычных акцыяў. Гэтак рэжым рэалізуе абвешчаны Лукашэнкам Год якасці.

«Прыдумалі яны гэты Год якасці. І гэты Год якасці патрэбна неяк запоўніць чымсьці, нейкімі мерапрыемствамі. І яны рэальна не ведаюць, чым запоўніць. Раней быў адзін суботнік на ўсю краіну, у кожным горадзе выходзілі, а цяпер размеркавалі на паўтара – два месяцы», – кажа Арцём Брухан.

І хоць чыноўнікі падаюць ідэю суботніку як добраахвотнай акцыі, для большасці яна мае хутчэй добраахвотна-прымусовы характар. Нежаданне беларусаў браць удзел у народных прыбіраннях абмяркоўваюць нават на праўладным тэлебачанні. У выніку дыскусіяў чыноўнікі і прапагандысты прыйшлі да высновы, што выказванне беларусаў пра падаткі суседнічае, цытата, з вельмі радыкальнымі ліберальнымі лозунгамі, і запрапанавалі грамадзянам браць удзел ва ўпарадкаванні не толькі фізічна, але і фінансава.

«Гэта ўсё кажа пра тое, што ў бюджэце не стае грошай на рашэнне базавых задачаў… Адбудову месца нейкага, гораду, раёну – гэтыя грошы ідуць на тое, што непатрэбна: ідэалогію, сілавікоў. А на тое, што павінна рабіць дзяржава, на што павінны размяркоўвацца падаткі мясцовымі органамі, гэта бясплатна робяць людзі», – мяркуе былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

Ужо праз тыдзень – 20-га красавіка – беларусаў чакае чарговы рэспубліканскі суботнік. Чыноўнікі сцвярджаюць: за сабраныя грошы ўпарадкуюць паселішчы, зробяць капітальны рамонт мемарыяльных комплексаў і месцаў баявой славы, сярод якіх – манумент Перамогі ў Менску.

Наста Печанькова, «Белсат»