Чаму затрымліваюць чыноўнікаў?


Чарговая ахвяра сілавікоў – чыноўнік. У Верхнядзвінску затрымалі працаўніка мясцовага райвыканкаму Аляксея Кісялёва. Паводле прапагандысцкага тэлеграм-каналу, што апублікаваў так званае пакаяннае відэа, мужчыну затрымалі ў справе «Кадравага рэзерву Новай Беларусі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ёсць шмат прыкладаў, калі з людзей выбівалі паказанні і яны былі вымушаныя сведчыць супраць сябе, прызнаючы ў тым ліку прыналежнасць да пэўнай структуры накшталт План “Перамога” або “Кадравы рэзерв”. У гэтай сітуацыі не маем ніякіх падставаў, каб пацвердзіць прыналежнасць затрыманага да кампаніі “Кадравы рэзерв”», – кажа каардынатар кампаніі «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» Юрый Губарэвіч.

Аб’яднаны пераходны кабінет стварыў праграму «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» ў канцы 2022 года. Мэта праекту – рыхтаванне чыноўнікаў, якія будуць праводзіць рэформы ў органах дзяржаўнага кіравання ў Беларусі пасля дэмакратычных пераменаў.

«Рэжым палохае. Ён баіцца любой спробы беларусаў самааб’яднацца, і тут не толькі пра тых, хто прэтэндуе на збройную барацьбу, ці пра арганізацыю аховы птушак – пра любую самаарганізацыю, небяспечную або патэнцыйна непадкантрольную рэжыму», – тлумачыць палітолаг Анатоль Котаў.

Месяц таму Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў «Кадравага рэзерву для Новай Беларусі». Інкрымінуюць ім стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Прапагандыст Ігар Тур у сваёй праграме на ОНТ паказаў пятнаццаць асобаў, затрыманых у гэтай справе, а таксама заявіў, што і сам цягам года слухаў лекцыі ініцыятывы:

«Памятайце, што мы значна хітрэйшыя за беглых, бо другі сезон я глядзеў у кампаніі надзейных сяброў са Следчага камітэту Беларусі, якія тэмай вельмі зацікавіліся».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ведомости

Паводле прапагандыста, некаторых навучэнцаў затрымалі нібыта пасля ўзлому спісу ўдзельнікаў кампаніі. Але тэхнічна выявіць людзей такім чынам немагчыма, а несанкцыянаваных доступаў да інфармацыі не было, сцвярджае Юрый Губарэвіч і раіць прытрымлівацца захадаў інфармацыйнай бяспекі, чысціць сваё ліставанне ў мэсэнджарах і карыстацца VPN:

«Быць вельмі ўважлівымі да фэйкавых рэсурсаў, якія зʼявіліся апошнім часам у інтэрнэце, у прыватнасці, у “Тэлеграме”, якія імітуюць пляцоўкі “Кадравага рэзерву”, але насамрэч такімі не ёсць, а створаныя для выцягвання кантактаў. Гэта ўсё – тое, што можа даваць доступ сілавікам да чарговай ахвяры».

Затрыманне верхнядзвінскага чыноўніка – далёка не адзіны прыклад, калі рэжым правярае, а затым карае за іншадумства «сваіх». У канцы мінулага года ў Жлобіне пятнаццаццю соднямі арышту пакаралі кіраўніка аддзелу спорту і турызму райвыканкаму Яўгена Ахрэменку. Прычынаю сталі падпіскі ў сацыяльных сетках на рэсурсы, якія рэжым лічыць экстрэмісцкімі. Пасля суда чыноўніка звольнілі з працы.

«Тыя, хто ўнутры сістэмы, могуць быць больш небяспечныя для самой сістэмы, чым тыя, хто мае зброю ў руках, бо гэта людзі, якія адказваюць за ўнутраныя працэсы, тыя, хто рыхтуе справаздачы, рыхтуе ці выконвае загады, ці тыя, хто можа загады аддаваць тым, хто мае зброю ў руках», – кажа Анатоль Котаў.

Чым жа выкліканы такі недавер да чыноўнікаў? Паводле палітолага, карані страху сягаюць у пратэставы 2020 год. Бо менавіта тады стала зразумела, што падтрыманне Лукашэнкі і ў грамадстве, і ў вертыкалі не настолькі вялікае, як хацелася б самаабвешчанаму прэзідэнту.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»