У Лёзна затрымліваюць заробкі


Пакуль Лукашэнка раздае парады, як кіраваць прадпрыемствамі ды рэгуляваць эканоміку, у некаторых арганізацыях людзі не бачаць грошай па некалькі месяцаў. Гэтак, жыхар Лёзна паведаміў пра затрыманне зарплаты ў сельска-гаспадарчым філіяле «Чкалаўскі», што ўваходзіць у адкрытае акцыянернае таварыства «Лёзненскі Райаграсэрвіс». Грошы, нібыта, не выплачваюць з леташняга лістапада. На прадпрыемстве гэтую інфармацыю абвяргаюць, але настойліва цікавяцца прозвішчам пакрыўджанага працаўніка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У нас не выплачаны заробак толькі студзеньскім дагаворнікам, – распавялі «Белсату» у бухгалтэрыі «Лёзненскага райаграсэрвісу». – Усё астатняе закрыта. Трэба ведаць прозвішча чалавека, каб па ім менавіта разабраліся. Інакш як мы можам пацвердзіць, хто гэта? Мы б зразумелі, як яму аддавалі грошы: на картку, гатоўкай. Як, хто».

Затрыманне заробкаў на аграрна-прамысловых прадпрыемствах – асобы ўдар па Лукашэнку, які бясконца ўкладае ў галіну грошы. Зрэшты, кіраўнікі арганізацыяў прыдумалі досыць арыгінальны спосаб пагасіць даўгі перад працаўнікамі.

«Могуць прымусіць чалавека ўзяць прадукцыяй. Таго ж мясакамбінату. Прывядуць у краму і скажуць: атрымай і распішыся, што ў кошт зарплаты ўзяў. Адпаведна, і запазычанасці няма», – разважае экс-кіраўнік калгасу Мікалай Лысянкоў.

У адкрытым доступе няма статыстыкі аб колькасці арганізацыяў, якія маюць запазычанасці па заробках, дый аб агульным памеры гэтых даўгоў. Хоць некаторая інфармацыя ўсё ж робіцца вядомай.

Гэтак, у мінулым годзе толькі ў Менску пракуратура прымусіла арганізацыі выплаціць запазычанасці 4 236 працаўнікам на агульную суму 9 мільёнаў 200 тысяч рублёў. У сярэднім гэта па 2 171 рублі на асобу. Для параўнання, згодна Белстату, сярэдні месячны заробак па сталіцы складае 2 309 рублёў.

«Калі інфармацыя – закрытая, напэўна, становішча не вельмі добрае. Я б сказаў вельмі кепскае, таму што ў нас таксама ёсць інфармацыя, што нават там, дзе выплачваецца заработная плата, яна выплачваецца ў мінімальным памеры», – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

Што рабіць асобе, якая своечасова не атрымала заработнай платы? На думку прадстаўніка Свабоднага прафсаюзу Беларускага ДзянісаСадоўскага, неабходна ісці ў суд. Іншы варыянт – спрабаваць дамагчыся справядлівасці з дапамогаю органаў кантролю. Што датычыць гэтак званых дзяржаўных прафсаюзаў – на іх разлічваць не варта. Гэткай думкі прытрымліваецца Дзяніс Садоўскі – прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага:

«У працаўніка канфлікт з кіраўніцтвам прадпрыемства. Ён ідзе ў прафсаюз абараніць свае правы, таму што кіраўніцтва прадпрыемства яго правы парушае. А ў прафсаюзе яго сустракае кіраўніцтва прадпрыемства. І як яно можа само з сабой змагацца і адстойваць нейкія правы?»

З адзінаццатага красавіка пачне дзеяць указ Лукашэнкі «Аб мерах па своечасовай выплаце заработнай платы». Цяпер права выдаваць наймальніку абавязковае для выканання патрабаванне выплаціць заробкі будзе мець Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы.

«Давайце прыдумаем прасцейшы механізм, каб не праз суды, а праз структуру, якую мы створым, будзем прымушаць працадаўцу выплачваць заробкі. Але грошы ў прадпрыемства ад гэтага не з’явяцца. Гэта марная справа, і сітуацыя больш глыбокая», – упэўнены Дзяніс Садоўскі.

Кожны эканамічны абвал будзе цягнуць за сабою на дно і заробкі. Прычым датычыць гэта як арганізацыяў прыватнай, так і дзяржаўнай формы ўласнасці.

Ян Федаровіч, «Белсат»