«Калі ты не адзін дзясятак гадоў утрымліваеш уладу з дапамогай сілы і гвалту, то ты становішся мілітарыстам»


За апошнія 5 гадоў у Беларусі стала значна больш зброі, бранятэхнікі і боепрыпасаў. Як паведамляе Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблемаў міру (SIPRI), у 2018-2022 гадах імпарт узбраенняў у Беларусь вырас на 55% у параўнанні з папярэдняй пяцігодкай. Абсалютная большасць зброі, амаль 100% – расейская. Толькі 0,1 % – пастаўкі з Кітаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ты не адзін дзясятак гадоў утрымліваеш уладу з дапамогай сілы і гвалту, то ты так ці інакш становішся мілітарыстам. Таму што твая мэтавая група – не настаўнік, не айцішнік, не лекар, а чалавек у пагонах. І таму значную частку часу Лукашэнка размаўляе менавіта з сілавікамі. Гэта людзі з мілітарным поглядам, якія па сутнасці з’яўляюцца савецкімі генераламі», – кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

За тую ж пяцігодку пастаўкі ўзбраенняў з Беларусі за мяжу рэзка ўпалі – на 37 %.

Амаль на столькі ж упаў экспарт узбраенняў з Расеі – 31 %.

Адмыслоўцы «SIPRI» яшчэ 4 гады таму папярэджвалі, што Расея стала менш прадаваць зброі за мяжу.

«Мы бачым, што Злучаныя Штаты значна пашырылі экспарт узбраення за апошнія 5 гадоў, у адрозненне ад Расеі. Расея стала менш прадаваць зброі. На гэта ёсць шэраг прычынаў», – казаў Пітэр Вэзэман са Стакгольмскага міжнароднага інстытуту даследавання праблемаў міру яшчэ ў 2019-м.

Асноўная прычына стала бачная летась, нават тым, хто не хацеў верыць у поўнамаштабную вайну. А вось Украіна, паводле «SIPRI», пасля лютага 2022 года стала адным з лідараў імпарту зброі, але да гэтага практычна не купляла ўзбраенняў за мяжой.

«Са зменай палітычнага кіраўніцтва Украіны ў 2019-м годзе ваенна-прамысловы комплекс стаў не ў прыярытэце вайскова-палітычнага кіраўніцтва. Гэта датычыцца не толькі імпарту, не толькі праграмаў дапамогі з нашымі партнёрамі, брытанскімі і амерыканскімі. Але і з унутранай вытворчасцю», – тлумачыць Паўло Лакійчук, эксперт Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI», Кіеў.

Як нагадвае эксперт, пасля выбараў 2019 года моцна пацярпелі ўкраінскія распрацоўкі. РСЗА «Вільха», ТРК «Гром-2», ПКР «Нептун», САУ «Багдана» былі ў адзінкавых экзэмплярах, а частка вытворчасці была проста замарожаная. Цяпер жа ўкраінскае войска хутка пераўзбройваецца, пераходзіць на найноўшую зброю натаўскай вытворчасці. А Беларусь?

«Расейскі БТР-82 – насамрэч гэта мадэрнізацыя БТР-80. Тыя крокі, якія зробленыя ў Беларусі, яны не вельмі адрозніваліся. Улічваючы абмежаваныя магчымасці, беларускае войска спрабавалі ў пэўнай ступені мадэрнізаваць. Але ў межах, скажам так, эканом-варыянту», – кажа Паўло Лакійчук.

Аляксандр Лукашэнка любіць разважаць пра перадавыя айчынныя распрацоўкі зброі.

«Разам з Расеяй мы можам ствараць любыя тыпы ўзбраенняў. Беларусь можа сабе дазволіць экспартаваць вайсковую прадукцыю ў 57 краінаў свету», – заяўляў Лукашэнка на адмысловай нарадзе з сілавікамі перад паездкай у Кітай.

На той жа нарадзе, але па-за кадрам, ён разносіў падначаленых за ўдалую атаку невядомых аператараў дронаў на расейскі самалёт А50 на аэрадроме ў Мачулішчах.

Але куды ішлі грошы ад продажу беларускіх узбраенняў за мяжу? Гэта чамусьці сакрэт і таямніца. Анатоль Лябедзька яшчэ ў ролі дэпутату Вярхоўнага Савету Беларусі рабіў адпаведныя запыты ў праваахоўныя органы.

«Калі былі спробы праверыць дзейнасць пазабюджэтных фондаў Лукашэнкі, ці грошай ад продажу зброі, то адказ быў: гэта не ўваходзіць у нашую кампетэнцыю, мы не можам спраўдзіць дзейнасць беларускага кіраўніка», – прыгадвае Анатоль Лябедзька.

Цяпер, ва ўмовах заходніх санкцыяў, гандляваць зброяй беларускай вытворчасці будзе цяжэй, бо няма свабоднага доступу да камплектуючых. Але галоўным кліентам таго ж Менскага заводу калёсных цягачоў ці МАЗу застаецца Расея.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»