Каардынацыйная рада абрала спікера


Каардынацыйная рада абрала спікера – палітолага і метадолага Андрэя Ягорава.Адною з галоўных мэтаў на гэтай пасадзе Андрэй бачыць усталяванне фармату выразных адносінаў паміж Беларуссю і Украінай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Незалежнасць Беларусі і тое, што будзе адбывацца ў бліжэйшы час, будзе залежыць ад галоўнага стратэгічнага гульца ў рэгіёне. Гэта Украіна. Без Украіны нам будзе цяжка развівацца найдалей і нашы шанцы будуць значна меней, чым калі б мы будавалі ясны і надзейны саюз з Украінай», – паведаміў спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Прэтэндавала на гэтую пасаду і прадстаўніца супольнасці «Сумленныя людзі» Алена Жываглот, яна заняла другое месца і стала віцэ-спікеркаю Каардынацыйнай рады. Таксама сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і журналіст і журналіст Ян Рудзік. Яны набралі меншую колькасць галасоў. Выбары спікера маюць стаць заканчэннем рэформы Каардынацыйнай рады, якая цягнулася амаль паўгода. За гэты час структура пашырыла свой склад: цяпер гэта 105 чалавек – прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. А таксама быў прыняты рэгламент.

«Каардынацыйная рада стала больш рэпрэзентатыўнай. У рэгламенце, які яна прыняла, акрэсленыя пэўныя ўмовы яе працы, яе паўнамоцтвы і тэарэтычна гэта можа стаць неблагім прадстаўнічым органам для беларускага грамадства», – заявіў чалец Каардынацыйнай рады Ян Рудзік.

Паводле задумы, Рада мусіць стаць гэткім прота-парламентам, што будзе выпрацоўваць парадак дня ды ацэньваць працу Аб’яднанага пераходнага кабінету і яго кіраўніцы. І нават пры патрэбе выносіць вотум недаверу складу Кабінету. Але не толькі гэта.

«Роля Каардынацыйнай рады – аб’ядноўваць розныя дэмакратычныя сілы, выпрацоўваць агульныя стратэгіі для розных сілаў, дабівацца поўнага ўзгаднення хаця б па тактычных пытаннях, дзе нам гэтае адзінства вельмі патрэбнае», – дадаў Андрэй Ягораў.

Каардынацыйная рада была створаная ў жніўні 2020 года з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай. У той час на структуру ўскладалася задача забяспечыць трансфер улады і абараняць суверэнітэт. За гэтыя амбітныя планы чальцы Рады трапілі пад пераслед. Не так даўно пры завочным разглядзе гэтак званай «справы Каардынацыйнай рады» суд вынес выракі Святлане Ціханоўскай і ПаўлуЛатушку: 15 і 18 гадоў зняволення. Астатнія фігуранты атрымалі па 12 гадоў пазбаўлення волі. За кратамі застаюцца чальцы прэзідыуму Максім Знак і Марыя Калеснікава.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»